У Віцебску мужчына гасіў сухую траву і трапіў у рэанімацыю


Жыхар Віцебску атрымаў каля 30 % апёкаў цела пры тушэнні сухой травы, якая загарэлася ад распаленага самім жа пацярпелым кастра.

Здарэнне адбылося ў лесапаркавай зоне на вул. К.Маркса, паведамляе прэс-служба Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

Увечары 12 красавіка мужчыну даставілі ў рэанімацыю з апёкамі 2-3 ступені (30 % цела). Высветлілася, што ён быў п’яны, распаліў касцёр, у выніку загарэлася і трава.

У пачатку красавіка МНС змясціла на сваім сайце парады, як сябе паводзіць у пажаранебяспечны перыяд.

Рэкамендацыі МНС у пажаранебяспечны перыяд:

  • ні ў якім разе не паліце ​​траву. Акрамя таго, што гэта шкодна для раслін і жывёлін, гэта можа быць небяспечным і для чалавека. Не пакідайце агонь без нагляду. Старанна тушыце недапалкі і запалкі перад тым, як выкінуць іх
  • калі вы заўважылі пажар – не праходзьце міма. Траву, якая толькі пачынае гарэць, вы зможаце патушыць самастойна. Пры тушэнні падручнымі сродкамі можна збіваць полымя звязкам дубцоў або галінак ліставых дрэваў, альбо ж засыпаць пяском
  • пагасіўшы пажар, не сыходзьце да таго часу, пакуль не пераканаецеся, што агонь ня разгарыцца зноў
  • калі вы разумееце, што самастойна пагасіць полымя не зможаце, патэлефануйце 101 і паспрабуйце як мага хутчэй пакінуць месца пажару

Паліць смецце на сваім участку, вядома, можна, але пры гэтым неабходна выконваць элементарныя правілы бяспекі, каб простае прыбіранне ўчастку не стала трагедыяй. Рабіць гэта трэба толькі ў зацішнае надвор’е. Вогнішчы лепш разводзіць удалечыні ад будынкаў, лесу ці саломы. Калі нічога з пералічанага паблізу няма, вы гатовыя сачыць за агнём і пад рукой ёсць вогнетушыцель або вядро з вадой, значыць, вы ўсё робіце правільна.

Вогнішча павіннае быць не бліжэй за 10 метраў ад пабудоваў, 20 – ад лесу і 30 – ад саломы. Мангал або грыль трэба ўсталёўваць як мінімум на адлегласці 4 метраў ад дома.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў