У валюце заробак беларусаў вырас, але ў прадуктах – зменшыўся


У 2010 годзе беларусы маглі купіць больш, чым цяпер. І гэта нягледзячы на тое, што заробак з тых часоў імкліва рос у доларавым эквіваленце. «Белсат» падлічыў, як значна знізілася пакупніцкая здольнасць беларусаў за апошнія гады.

У першы раз да 500-доларавай мары беларусы наблізіліся ў снежні 2010 года – тады сярэдні заробак дасягнуў 530 $. Сёння мы атрымліваем на 90 $ больш, але пры гэтым багацей не сталі. Хутчэй, наадварот.

За 4,5 гады сярэдні заробак зменшыўся прыкладна на 10 кг свініны і на 30 кг сала. Яек мы сёння купім амаль на 20 дзясяткаў менш, чым у снежні 2010 года. Менш соладка стала жыць і ласунам: заробак знізіўся амаль на 50 кг мармеладу і на 30 кг карамелек.

Хутчэй за зарплату раслі цэны на некаторыя крупы і малочныя прадукты: сёння мы купім на 90 пачкаў геркулесу, 16 кг сыру і 35 пачкаў тварагу менш, чым у 2010 годзе. Але лідарамі падаражэння сталі лекі – у антыбіётыках, вітамінах і анальгетыках заробак зменшыўся больш як удвая.

Каб сёння купіць дублёнку, да сярэдняй зарплаты трэба дадаць яшчэ паўмільёна. А вось у 2010 годзе рэшты ад куплі дублёнкі беларускам хапала яшчэ і на спадніцу, джынсы, кашульку і швэдар.

Юля Харкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў