У Сербіі гей-парад прайшоў пад аховаю аўтаматчыкаў


Упершыню за чатыры гады ў Сербіі адбылася дэманстрацыя ў падтрыманне правоў сексуальных меншасцяў. Па маршруце шэсця вуліцы ачапіла конная паліцыя, спецпадраздзяленні жандармерыі з бронетэхнікаю і вадамётамі.

Беспрэцэдэнтныя захады бяспекі меліся абараніць удзельнікаў шэсця ад правакацыяй і нападаў. У 2010 годзе падобнае шэсце атакавалі радыкальныя нацыяналісты і футбольныя фанаты. Пасля гэтых нападаў улады забаранялі праводзіць марш.

Гомафобныя настроі шырока распаўсюджаныя на Балканах ды ў Сербіі ў прыватнасці. Кіраўнік Сербскай праваслаўнай царквы на мінулым тыдні параўнаў гомасексуалізм з інцэстам і педафіліяй.

Сербія імкнецца ўступіць у Еўразвяз, аднак Белграду далі зразумець, што правядзенне параду ў падтрыманне правоў сексуальных меншасцяў станецца адным з паказнікаў гатовасці краіны бараніць правы чалавека.

«Сёлетні марш чымсьці нагадвае той, што адбыўся ў 2010, у прыватнасці – вялікай колкасцю паліцыі на вуліцах. Але мне падаецца, што за гэтыя гады адбылося шмат зменаў. Мы ладзім дэманстрацыю і даем зразумець, што цяпер сітуацыя лепш, чымся чатыры гады таму, думаю, што і ўлада гэта ўсведамляе», – сказаў Горан Мілеціч, адзін з арганізатараў параду.

Прэм’ер-міністр Аляксандр Вучыч раней пазіцыянаваў сябе як ультранацыяналістычны палітык, аднак апошнія гады імкнецца стварыць вобраз празаходняга рэфарматара. Напярэдадні маршу ён заявіў, што не мае намеру браць у ім удзел, аднак сярод дэманстрантаў быў адзін з міністраў з ураду Вучыча.

Акцыя прайшла без сутычак. На суседніх вуліцах на пратэст выйшлі каля 100 асобаў, аднак паліцыя не пусціла іх да шэсця.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў