У Расеі галадаюць шахцёры


20 працаўнікоў золатаздабываючай шахты Вершына-Дарасунскага рудніка абʼявілі галадоўку праз нявыплату заробкаў пасля скарачэння. Галадоўка пачалася 18 верасня каля будынку мясцовай адміністрацыі.

Сёлета з шахты звольнілі каля 500 асобаў (амаль 10 % насельніцтва пасёлку Вершына-Дарасунскі). Прыватная кампанія «Южуралзолото», якой належыць шахта, абвясціла, што руднік стратны і вырашыла яго закрыць. Пазней стала вядома, што руднік набудзе новы ўладальнік.

У траўні 80 шахцёраў з Вершына-Дарасунскага рудніка адмовіліся паднімацца з шахты праз запазычанасць па заробках. Забастоўка была спыненая толькі пасля размовы гарнякоў з губернатарам Забайкальскага краю Наталляй Жданавай.

Мясцовыя ўлады называюць дзеянні кампаніі «сваволлем» і запэўніваюць, што яны на баку шахцёраў.

Вершына-Дарасунскі – пасёлак гарадскога тыпу ў Забайкальскім краі з насельніцтвам каля 5500 асобаў.

Сёлета таксама баставалі і ўкраінскія шахцёры з Крывога Рогу. У траўні каля 140 асобаў адмовіліся паднімацца на паверхню і содні правялі на глыбіні 1343 метры, патрабуючы павышэння заробкаў.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары