У похвы ёсць метафара: Кустава пра «Камеру, якую дала мне маці»


Спектакль – супольны праект прадзюсаркі Кацярыны Саладухі, рэжысёра Дарыюша Язерскага, Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў і польскага Тэатру новага мастацтва. Прэм’еру монадрамы паводле прозы Сюзаны Кейсэн у НЦСМ наведала вядоўца праграмы «Прыват» Валярына Кустава.

Вас калі-небудзь гвалтавалі?

– Вы калі-небудзь рабілі аборт?
– Вы калі-небудзь рабілі аперацыю на похве?
– Вас калі-небудзь гвалтавалі?
– Вы калі-небудзь мелі стасункі супраць сваёй волі?
– Гэта адбываецца ў апошні час?

Так, усё гэта можа паўплываць і немінуча ўплывае на наступнае палавое жыццё. Напрыканцы паказу Кацярына Саладуха папрасіла  кожную глядачку запоўніць гэтую анкету.

Выканаўца галоўнай, і адзінай, ролі – Анастасія Баброва
Выканаўца галоўнай, і адзінай, ролі – Анастасія Баброва

Калі мне было шаснаццаць гадоў, мяне спрабавалі згвалтаваць, але пашанцавала – атрымалася збегчы. Пазней шматкроць мяне спрабавалі супраць волі цалаваць у вусны мужчыны (а здаралася – і жанчыны) старэйшыя за мяне, некаторыя па ўзросце былі такія, як мае бацькі. Колькі разоў – хтосьці спрабуючы выказаць сімпатыю ці прыязнасць – ляскаў па пятай кропцы. З узростам я навучылася адказваць адпаведна.

Паразважаўшы над пытаннямі анкеты, я ўсё ж змагла напісаць: «Не, не, не, не і не». Без гэтай анкеты пастаноўка, бадай, страціла б сваю значнасць.

Рэжысёр спектаклю Дарыюш Язерскі
Рэжысёр спектаклю Дарыюш Язерскі

З аднаго боку, тэма досыць смелая, важная і патрэбная нашаму грамадству. Грамадству, у якім не прынята «пра гэта» гаварыць уголас, а са сцэны – і пагатоў. Грамадству, якому трэба змяняцца і неабходна рэфармавацца і ў дачыненні да гвалту, здзейсненаму над жанчынай, гэтак і гвалту, на які жанчыны самі сябе выракаюць, трываючы тое, што трываць няможна. Грамадству, дзе публічна яшчэ толькі вучацца гаварыць пра жаданні жанчын – самі жанчыны. Грамадству, у якім нават сексолагі настойліва раяць жанчынам не адмаўляць сваім партнёрам, нават калі стамілася, калі кепска пачуваешся, або папросту не ў настроі, ці нават калі ў цябе штосьці баліць.

Чаму? Ён не зразумее, бо яму «хочацца і трэба», а ты «адвыкнеш займацца сексам» і «з табой нешта не так», а доктар-сарамолаг неадступна туруе: «чым больш карыстаешся похвай – тым яна здаравейшая». Гэтым і кіруецца гераіня спектакля.

Жанчыне, а дакладней яе ўнутранасці – што здараецца не так часта на беларускай сцэне – далі слова.

Орган, які гаворыць

З іншага боку, задума куды глыбейшая за яе ажыццяўленне. Любому ў залі не можа быць чужой – або гэта глядачка, што сама з’яўляецца гаспадыняй «органа, які гаворыць», або глядач, што сутыкаўся з ім неаднойчы.

3

Гэты спектакль – не споведзь і не адкрыццё, а хутчэй – кароткая лекцыя па гінекалогіі або гісторыя хваробы. Доўгая, у нечым нават стамляльная, перапоўненая фізіялагічнымі ўдакладненнямі, папросту словамі ў недавучаным тэксце і мітуслівымі, нагнечанымі эмоцыямі.

Здаецца, усё зразумела: прычыну нежадання блізкасці варта шукаць не ў фізіялогіі, не ў похве, а ў галаве. Зразумеўшы гэта ў першай палове дзеі, хочацца дынамікі, развіцця, разумення далей. Але не: у цэнтры навязлівая ідэя хваробы ды стамляльная рэфлексія на гэтую тэму.

Наколькі змяняецца жыццё, калі не можаш займацца сексам? Хвароба – адна з нашых моваў, мова цела, на якой яно размаўляе з намі. Псіхасаматычныя сексуальныя парушэнні – тры словы, у якія ўкладаецца сутнасць спектакля.

Жанчыне балюча займацца сексам, бо яна ім насамрэч не хоча займацца, а дакладней – не хоча інтымнай блізкасці з канкрэтным партнёрам (цесляром, які «выпільвае» яе пад сябе). Вынік – трывога, дэпрэсія, стакгольмскі сіндром, самазмус і боль. Або ўсё наадварот? Вынік – сексуальная дэпрывацыя.

Зрэшты, калі хтосьці – няхай гэта нават орган – пачынае са мной, гледачом, размаўляць – то няхай не спыняецца, кажа. Няхай раскажа, прынамсі, што любіць і чаго баіцца. І самае галоўнае – што адчувае, калі лучыцца з іншай не менш важнай часткай цела – сэрцам.

Нават феерычныя «Маналогі вагіны», якія ўжо 11 гадоў вядуць сваю размову з еўрапейскімі гледачамі, гучалі вастрэй. А яны – ужо былі. Адпаведна ад «Камеры» чакалася таго, што яна ўсё ж будзе большай – пашырыць ці паглыбіць інтымныя далягляды ў мастацтве, ці, прынамсі, іх канкрэтна – да «Ваў!» звузіць. Не першага, не другога не адбываецца. А вынясенне на парадак дня тэмы, проста яе канстатацыя – гэтага ўжо недастаткова.

Камера, якую мне дала маці, або на прыёме ў гінеколага

Дарэчы, чаму маці? Калі пад камерай маецца на ўвазе похва, што пакутуе, як наканавана пакутаваць усё жаночае – гэта трывіяльна. Ці гэтая камера – усё жаночае цела, што мучыцца ад болю. Ці яе розум – што ходзіць ледзь не да фіналу па замкнёным коле аднатыпных рэфлексіяў.

Цікавей іншае – прасторавае рашэнне: прастора тут сапраўды нагадвае камеру, перагукваючыся з назвай спектакля. Да таго ж гэтая камера мае гендар і перадаецца ў спадчыну (толькі дзяўчынкам).

Гэта камера не столькі для самой гераіні, колькі для гледачоў, што вымушаныя ад пачатку і да канца быць у кантакце з выканаўцай. Актрыса кідаецца на іх, дакранаецца, крычыць. Хаця непераадольна пераследуе адчуванне, што гледачам дыскамфортна.

Але гэта не тая віна і няёмкасць, якую адчуваеш, калі нейкая малазнаёмая вывальвае на цябе свае прыватныя праблемы. Гэта тая недарэчная няёмкасць, калі яна вымушае цябе слухаць, нават калі ты ўжо ляпаеш яе па плячы, маўляў, ну добра, досыць, сястра, до.

Ува ўсім, пачынаючы ад тэрміналогіі, – празмерны акцэнт на фізіялагічнасць. (Дарэчы, замест эстэтычна пахкай «поткі» цалкам падышла б больш утульная «кунька» – якую нават і шкадаваць было б прасцей. Наагул, пераклад Алены Ласевіч напраўду варты павагі.)

Таксама на цялесным акцэнт і ў вонкавым выглядзе гераіні Анастасіі Бабровай – высокія абцасы, гарсэт, глыбокі выраз на грудзёх. Усё грае на адное. Нават перанасычанасць словамі, рухамі і інфармацыяй адчуваюцца ці не фізіялагічна чужымі. Магчыма, каб ігра была напраўду больш стрыманай і густоўнай, як і самая чорная і мінімалістычныя сцэнаграфія, то эфект толькі б узмацніўся. Пры спробе інтэрактыўнасці публіка практычна не адгукаецца.

Чшшш, камон, хадзі да мяне

Ёсць асобныя пазнавальныя зачэпкі. Гераіню ўзрушае, калі мужчына падмятае падлогу. Кагосьці – калі ўбіваюць сваі. Гераіню – як ён сцішана і рэзка прамаўляе «Ну то чё нах?», кагосьці – «чшшш, кэмон, хадзі да мяне». Гэта і ёсць тыя эмацыйныя якаркі, на якіх мацуецца добры раман, што можа пераўтварыцца ў каханне. А можа і не.

8

Пасля спектаклю кожны мае спіс рэцэптаў, якія можна выкарыстаць, калі не дай Бог надарыцца гэткая жахлівая неабходнасць. І дакладна ўсе пасля цвёрда ведаюць: ёгуртам, нават з біфідабактэрыямі, похву лекаваць не варта, як і не магчыма вылечыць клімакс і некаханне.

Похва як похва

Самае сумнае, што похву ў пастаноўцы пазбавілі метафары. Яна проста тое, што мусіць, дзейнічаць, функцыянаваць. І мастацтва ператвараецца ў факт. Але, на жаль, не ператвараецца ў мастацтва факта. Эстэтыка замяняецца фізіялогіяй.

Публіка апладзіравала, выканаўцы падарылі кветкі. Але беларуская публіка празмерна добрая, на мяжы абыякавасці.

Спектакль пра Канстанціна Заслонава ці похву – вынік будзе аднолькава стабільны.

А вельмі хочацца думаць далей.

Спектакль стаў першым у праекце «HomoCosmos», серыі тэатральных пастановак, цэнтральнай тэмай якіх – чалавек і яго цела. Наступная прэмера – «Грудзей» паводле Філіпа Рота – адбудзецца зімой 2017-га. Каб дабрацца ад похвы да грудзей, трэба чакаць цэлы год. Хаця найчасцей похва – гэта фінал.

Але давайце паспрабуем і іншым спосабам. Мы ўжо гатовыя.

Валярына Кустава, адмыслова для belsat.eu

Наступныя паказы: 11, 12 і 28 лістапада, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў РБ

Глядзі таксама
Каментары