У Пінску польскі візавы цэнтр адкрылі «амаль» на вуліцы Касцюшкі

photo

Нягледзячы на тое, што пункт прыняцця заяваў на візы геаграфічна знаходзіцца на вуліцы Касцюшкі, ягоны афіцыйны адрас – вуліца Першамайская.

16 сакавіка ў Пінску пачаў працаваць Візавы сэрвісны цэнтр Польшчы, які павінен аблегчыць пакуты беларусаў падчас атрымання польскай нацыянальнай, ці шэнгенскай візаў.

Кошт паслугаў цэнтру складае 15 еўраў, якія можна адразу сплаціць у беларускіх рублях, па курсе Нацбанку РБ. За гэтыя грошы супрацоўнікі ўстановы дапамогуць сабраць пакет дакументаў, патрэбных для набыцця неабходнай візы. Візавы збор у памеры 60 еўраў, таксама можна сплаціць на месцы. Акрамя кансультатыўных паслугаў у цэнтры можна зрабіць фота, скласці медстрахоўку, запоўніць анкету на візу, скарыстацца паслугамі экспрэс-дастаўкі і СМС-паведамленняў. За гэтыя выгоды трэба заплаціць асобна.

Нягледзячы на тое, што рэгістрацыя ў візавы цэнтр электронная, у першыя дні ягонай працы ў Пінску было вырашана абслугоўваць заяўнікаў у выглядзе «жывой» чаргі. Чым і скарысталіся групы пінскіх школьнікаў.

Пінчукі сцвярджаюць, што 15 еўраў нармальны кошт за паслугу. Бо калі рабіць візу самому, трэба як мінімум 2 разы ездзіць у польскі кансулат у Берасце, плаціць за праезд, стаяць у чарзе, траціцца на харчаванне і адпрошвацца на два дні з працы. Таму, хутчэй за ўсё, новая паслуга будзе карыстацца попытам.

Варта адзначыць, што афіцыйны адрас польскага візавага цэнтру ў Пінску – вуліца Першамайская 176а, што ўводзіць у замяшальніцтва карэнных пінчукоў. Справа ў тым, што гэты офісны будынак геаграфічна месціцца на вуліцы Касцюшкі, гэта можна праверыць і мапе Яндекс. Цікава – гэта збег абставінаў, ці так зроблена наўмысна?

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары