«У нас човен, у якім дзіркі, неадэкватны капітан і непрафесійная каманда»

video

https://youtu.be/VCXEm1fxOZY

На Кастрычніцкай плошчы сталіцы другі раз сабраліся некалькі соцень іпэшнікаў. Разам з шэрагам апазіцыйных лідараў яны заклікалі адмяніць 222-гі ўказ ды запатрабавалі адстаўкі ўраду, у тым ліку прэм’ера Кабякова і міністра эканомікі Зіноўскага. Хоць, як і тыдзень таму, абышлося без затрыманняў, гэтым разам да барацьбы з мітынгоўцамі прыцягнулі… снегапрыбіральныя машыны.

«У мяне ў мамы пенсія – два мільёны! Як можна 780 за аднапакаёвую кватэру заплаціць? Аднапакаёвую! Як нам жыць? Я ІП з 94 года!», – абураецца жанчына.

«Гэтая ўлада ўжо дастала так, што ўжо немагчыма болей трываць!», – тлумачыць пратэстовец.

«Я лічу, што ўсе прадпрымальнікі проста павінныя адзін раз выйсці на плошчу, каб канкрэтна пабачылі аб’ёмы ўсіх людзей, што засталіся без працы. Бо вось гэта – гэта жменька ад агульнай масы, што сядзіць удома без працы», – зазначае прадпрымальніца.

І хоць людзей сабралася выразна менш, чымся тыдзень таму, на сабраных пасля няўдалай спробы складання пратаколу кінулі цяжкую артылерыю. Адразу дзесяць снегапрыбіральных машынаў пры падтрыманні камунальнікаў рынуліся прыбіраць сціплы талы снег на Кастрычніцкай плошчы. На журналістаў рэагавалі нервова. Паводле экс-кандыдата на прэзідэнта Міколы Статкевіча, замена амапаўцаў на камунальнікаў – знак слабасці ўладаў.

«Гэта – слабасць, слабасць звязаная з тым, што ўся эканамічная палітыка гэтага рэжыму перабывае ў стадыі агоніі», – мяркуе Мікола Статкевіч.

Таму, мяркуе палітык, разганяць пратэсты цяпер, калі чакаюцца гэтак неабходныя заходнія крэдыты, уладам не на руку. У сваю чаргу Анатоль Лябедзька пераконваў прадпрымальнікаў у тым, што праблемы ў краіне датычаць кожнага.

«У нас адзін човен, у якім дзіркі, неадэкватны капітан, непрафесійная каманда. Гэта датычыць усіх, а не толькі ІП ці малы бізнес. Вось гэта галоўнае, і трэба падводзіць прадпрымальнікаў да таго, што жыць у краіне і быць на дыстанцыі ад палітыкі – немагчыма. І я думаю, што ёсць магчымасць правесці найбольш масавы Дзень Волі за апошнія 10 гадоў», – даводзіць Анатоль Лябедзька, лідар «Абʼяднанай грамадзянскай партыі».

Паводле палітыка, аргкамітэт сёлетняга шэсця на Дзень Волі, 25 сакавіка пастанавіў падтрымаць патрабаванні ІП. У Горадні каля сотні чалавек таксама выйшлі на плошчу з тымі ж лозунгамі, што і ў сталіцы. Калі ў мінулы раз да іх выйшаў старшыня гарвыканкаму – Мечыслаў Гой, то сёння пратэстоўцаў улады праігнаравалі. Гарадзенцы мяркуюць, што ў беларускіх умовах колькасць не галоўнае.

«Кожны выходзіць для сябе, магчыма, для таго, каб паказаць, што так рабіць нельга. Магчыма… Ну, вядома, – такою колькасцю – тут усё зразумела, але ўсё адно – людзі маюць сваю грамадзянскую пазіцыю, выказваюць сваё», – упэўненая гандлярка Вікторыя.

Тым часам, як распавялі ва ўчорашнім выданні праграмы «Контуры» намеснікі міністраў гандлю і эканомікі Ірына Наркевіч ды Ірына Касцевіч, па ўсёй краіне ўсё больш ІП пагаджаецца з новымі ўмовамі працы і выходзяць на працу. Прадпрымальнікі ж заклікалі сваіх калегаў вярнуцца на Кастрычніцкую плошчу роўна праз тыдзень.

Усевалад Шлыкаў, Белсат

Глядзі таксама
Каментары