У Менску затрымалі мужчыну, які ваяваў на Данбасе


Жыхара Пружанскага раёну затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Пра гэта паведаміў сёння журналістам начальнік Упраўлення ўнутраных справаў Берасцейскага аблвыканкаму Фёдар Балейка.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Пружанскага РАУС затрымалі мужчыну 11 студзеня ў Менску. Беспрацоўны 35-гадовы жыхар Пружанскага раёну знаходзіўся ў вышуку за нявыплату аліментаў. «Калі яго прывезлі ў Пружаны, пачалі працаваць, высветлілася, што ён прымаў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласцяў у складзе баявых атрадаў. Мае ўзнагароды, падаў гэтаму пацверджанне падчас апытанняў. Дзеянні яго будуць кваліфікавацца ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам», – паведаміў начальнік УУС.

Ён адзначыў, што гэта не адзінкавы выпадак удзелу жыхароў Берасцейскай вобласці ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Некаторыя і цяпер знаходзяцца там.

Міліцыя і КДБ вядуць прафілактычную працу і ўлік грамадзянаў, якія выязджалі на тэрыторыю сумежнай дзяржавы з мэтай удзелу ў баявых дзеяннях.

Па словах начальніка УУС, сітуацыя ў сумежных дзяржавах адбіваецца на ўзроўні злачыннасці ў рэгіёне. Гэтак, у мінулым годзе праваахоўнікі вобласці распачалі 78 крымінальных спраў, звязаных з незаконным абаротам зброі. Гэта ў 3 разы больш у параўнанні з 2014 годам. Тады па аналагічным артыкуле была распачатая 21 крымінальная справа.

У лістападзе 2015-года ў Менску на вакзале затрымалі іншага маладзёна, які ваяваў на Данбасе на баку Украіны. Праўда, баявыя таварышы падкрэслілі, што ў хлопца былі праблемы са здаровым глуздам.

МЯ, паводле belta.by

Стужка навінаў