У Менску затрымалі фальшываманетчыкаў. СК просіць праверыць купюры наміналам 20 рублёў


Два мужчыны займаліся вырабам і збытам фальшывых беларускіх грошай. За студзень-люты яны вырабілі каля 200 фальшывак вельмі добрай якасці. Усяго за студзень у сталіцы зафіксавалі 19 выпадкаў збыту падробак. Фальшыўкі выявіліся толькі пры пераліку грашовай выручкі ў крамах, маршрутных таксоўках, кіёсках «Менсктрансу».

У ходзе расследавання высветлілася, што збытам і падробкай непраўдзівых купюр займаўся неаднаразова судзімы 26-гадовы мянчук і ягоны новы «сябар» Дзмітрый, з якім ён пазнаёміўся праз сацыяльныя сеткі.

Менавіта «Дзмітрый» прапанаваў хлопцу зарабіць на рэалізацыі фальшывак. Мужчына збываў іх, купляючы праязныя квіткі ў кіёсках і грамадскім транспарце, невялікіх крамах, падземных пераходах. Рэшту кампаньёны дзялілі папалам.

Следства мяркуе, што ў абароце могуць яшчэ знаходзіцца падробленыя купюры наміналам 20 рублёў узору 2009 года з серыйным нумарам «СК 8387976».

Эксперыментатара-фальшываманетчыка затрымалі пазней. Падпольная друкарня знаходзілася ў адным з садаводчых таварыстваў у Смалявіцкім раёне. Зламыснік спрабаваў пазбавіцца ад доказаў: хацеў спаліць у печы каля 200 фальшывых купюр і нарыхтоўкі.

У выпадку супадзення серыйнага нумара неабходна звярнуцца па тэлефонах: 8 (017) 252-02-02, 8 (017) 256-14-34.

ДР belsat.eu паводле sk.gov.by

Глядзі таксама
Каментары