У Менску прэзентавалі «Хронікі беларускіх палітвязняў».


Кнігу стваралі з мэтаю як мага шырэй распавесці пра палітвязняў, інфармацыя пра якіх у нашай краіне ўвесь час замоўчваецца.

«Сабраць усё разам, каб было зразумела, што гэта сістэмная праблема, што гэта канвеер. Калі зараз 6 палітвязняў, гэта не значыць, што ў нас стала лепш», – гаворыць Зміцер Салаўёў з Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Выданне падрыхтавалі на падставе матэрыялаў сайту palitviazni.info, створаны праваабарончым цэнтрам «Вясна». Героямі кнігі сталі 187 беларусаў, якія спазналі крымінальны пераслед за сваё змаганне з рэжымам за час існавання незалежнае Беларусі.

«Гэта сведчыць пра тое, што ўсё ж такі беларусы гатовыя на нейкае змаганне, беларусы не змірыліся з гэтым рэжымам, і гэта сведчыць пра тое, што ў нас ёсць перспектывы змянення гэтага рэжыму. Мы ж тут не кажам пра тысячы людзей, якія прайшлі праз адміністрацыйную адказнасць, тысячы людзей, якія сядзелі на сутках», – зазначае былы палітвязень Зміцер Каспяровіч.

Пакуль выданне друкавалася, яшчэ на аднаго палітвязня ў Беларусі стала болей. У траўні на два гады пазбаўлення волі асудзілі Юрыя Рубцова, якога міжнародная арганізацыя «Amnesty International» ужо прызнала вязнем сумлення. Акрамя яго, за кратамі па-ранейшаму застаюцца Мікола Статкевіч, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Мікалай Дзядок, Арцём Пракапенка. Кнігу надрукавалі яшчэ летась, але з-за праблемаў з перавязеннем праз мяжу, з-за канфіскацыяў асобнікаў прэзентацыю здолелі правесці толькі цяпер.

Вольга Чайчыц, «Белсат»

Стужка навінаў