У Менску прайшоў першы беларускі парад за легалайз – «канапляная каляда»


25 снежня маладзёны з ініцыятывы Legalize Belarus правялі «канапляную каляду» – парад за рэформу артыкулу 328 КК, які рэгулюе абарот псіхаактыўных рэчываў.

У парадзе паўдзельнічалі больш за 15 чалавек, напісаў у Facebook актывіст і адзін з арганізатараў параду Пётр Маркелаў.

Маладзёны гулялі па гораду, наведалі ўніверсам «Цэнтральны», дзе заспявалі перайначаную традыцыную калядную песьню «А ўчора з вячора».

«Каляда – гэта старадаўняя беларуская традыцыя. Гэта не пікет ці марш, было б абсурдам, каб каляду палічылі масавым мерапрыемствам. Нашая мэта – данесці да грамадзтва праблему 328, »вайны з наркотыкамі«: тое, што палітыка забаронаў і суровых пакаранняў за спажыванне псіхаактыўных рэчываў ня толькі не справядлівая, але і не вырашае праблемы злоўжывання наркотыкамі», – распавёў у каментары belsat.eu маладзён.

Актывіст піша, што ў наступным годзе ўдзельнікі ініцыятывы працягнуць ездзіць па гарадах з лекцыямі пра вайну з наркотыкамі, спрабаваць новыя фарматы ў Менску і ўрэшце выйдуць на вуліцы. У планах адкрыццё службы юрыдычнай падтрымкі для асуджаных па 328 і іх сваякоў, а таксама штотыднёвыя юрыдычныя легалайз-стрэлы (звароты ў МУС ды іншыя інстанцыі з абгрунтаванымі прапановамі ўнясення правак у артыкул 328 – заўвага belsat.eu) па дзяржаўных інстытуцыях.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў