У Магілёве рэкламуюць навучанне на беларускай мове


Бацькі дзетак, што навучаюцца па-беларуску, распавядаюць пра перавагі адукацыі на роднай мове.

Як адправіць дзіцё ў беларускамоўны клас ці школу? Для некаторых бацькоў у Беларусі гэтае пытанне застаецца не толькі актуальным, але і балючым. У Магілёве пачалася рэкламная акцыя з мэтаю прыцягнуць усіх ахвотных вучыцца на роднай мове. Дагэтуль у горадзе існаваў адзіны беларускамоўны клас. У наступным навучальным годзе іх магчыма будзе два. Імаверна клас пачне працаваць у школе N 34. Што праўда, склалі пакуль што адну заяву.

«Хацелася б каб былі яшчэ дзеткі, каб быў калектыў хаця б у 2-3 чалавекі», – кажа Галіна Турандзіна, маці беларускамоўнай вучаніцы.

А гэта іншая беларускамоўная вучаніца Ялінка Салаўёва. Цягам шасці апошніх гадоў яна атрымоўвала адукацыю ў адзіным беларускім класе ў Магілёве ды да нядаўна заставалася адзінаю беларускамоўнаю вучаніцаю ў горадзе. Вось што кажа бацька дзяўчыны Зміцер Салаўёў:

«Перавагі відавочныя. Калі клас малы, увага да кожнага дзіцяці асобная – гэта амаль што рэпетытарства. Высокі ўзровень навучання, а дзвюхмоўе адкрывае магчымасць вучыцца іншым мовам».

Адкуль тады малая зацікаўленасць беларускамоўным навучаннем у большасці бацькоў? Некаторыя папросту баяцца аддаваць дзяцей у беларускамоўныя класы.

«Бацькі кажуць: а як дзеці будуць вучыць фізіку ці матэматыку па-беларуску? Там жа тэрміналогія. Яны не разумеюць, што ў Нямеччыне ці Польшчы гэтыя прадметы не вучаць па-расейску», – адказвае Зміцер Салаўёў бацькам, якія сумняюцца.

Прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы бачаць яшчэ адну, больш сурʼёзную праблему.

«Не было ніякай зацікаўленасці з боку нашых уладаў у пашырэнні беларускамоўнай адукацыі ў горадзе Магілёве. Для іх гэта не праблема. Яна пра гэта кажуць адкрыта ў медыях», – тлумачыць Алег Дзʼячкоў з магілёўскай арганізацыі ТБМ.

А ініцыятывы рэкламы беларускамоўнага навучанне пераважна сыходзяць ад бацькоў. Чыноўнікі ж цвердзяць, што робяць усё магчымае, каб заахвоціць бацькоў і дзяцей да адукацыі на роднай мове. І ў школах адкрыта заяўляюць пра гэта.

«Школа падтрымлівае жаданне вучыцца па-беларуску. Калі ласка, запрашаем усіх жадаючых», – кажа Алена Мачэкіна, дырэктарка магілёўскай сярэдняй школы N 1.

А насамрэч колькасць беларускамоўных навучэнцаў скарачаецца штогод. Сітуацыя вакол беларускай мовы пачала ўскладняцца пасля рэферэндуму 1995 года, ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам. Тады беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай. За апошнія дваццаць год колькасць беларускамоўных школьнікаў скарацілася да 14 % ад агульнай колькасці навучэнцаў установаў сярэдняй адукацыі. У Менску працуе толькі пяць беларускіх школаў. У некаторых абласных гарадах няма ніводнага беларускамоўнага класу.

Ян Бабіцкі

Стужка навінаў