У Кобрыне ўнучка ўдарыла бабулю нажом – жанчына тры дні памірала ў хаце


Дачка пацярпелай, маці дзяўчынкі, перавязала параненую, але да медыкаў звяртацца не стала.

«У Кобрыне дзевяцігадовая дзяўчынка падчас сваркі ўдарыла нажом сваю бабулю, праз 3 дні тая памерла», – паведаміў сёння падчас прэс-канферэнцыі начальнік УУС Берасцейскага аблвыканкаму Фёдар Балейка.

Трагедыя адбылася ўвечары 7 студзеня. Сямʼя сабралася ў вялікім пакоі, каб адсвяткаваць Каляды. Дарослыя пілі спіртныя напоі. У пэўны момант 9-гадовая дзяўчынка зайшла на кухню, дзе знаходзілася бабуля. Там і адбыўся канфлікт.

Паводле папярэдняй версіі, жанчына ўдарыла дзяўчынку і пачала цягаць яе за валасы. Абараняючыся, унучка схапіла нож са стала і двойчы ўдарыла ім пенсіянерку ў жывот. Дачка пацярпелай, маці дзяўчынкі, перавязала параненую, але да медыкаў звяртацца не стала.

11 студзеня а 16.20 пенсіянерка сканала ў сваёй кватэры. Абставіны трагедыі ўдакладняюцца. Цяпер на месцы здарэння працуе аператыўна-следчая група.

Паведамляюць, што сямʼя знаходзілася ў сацыяльна-небяспечным становішчы – была «нядобранадзейнай». Апроч вышэйзгаданай дзяўчынкі, у ёй гадуюцца яшчэ трое дзяцей. Бацька падчас здарэння быў на заробках у Расеі. Загінулую пенсіянерку 1959 нараджэння неаднаразова судзілі за крадзяжы і рабаванні. Маці дзяўчынкі пэўны час злоўжывала алкаголем.

«Напэўна, органы апекі нешта не ўлічылі ў сваёй працы, не дайшлі да таго, каб прыняць меры па канфіскацыі гэтых дзяцей. У выніку такая вось трагедыя, па якой нам яшчэ прыйдзецца разбірацца», – кажа Фёдар Балейка.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў