У Кіева-Пячэрскай лаўры хочуць аднавіць надмагілле Канстанціна Астрожскага


Гісторыкі ды культуролагі працуюць над аднаўленнем ва Украінскай сталіцы надмагілля гетмана ВКЛ.

Гэтая ініцыятыва ўжо неаднаразова на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў выказвалася як украінскімі гісторыкамі, архітэктарамі і навукоўцамі, так і прадстаўнікамі Літвы, паведамляе партал «Рідна країна». Таму, на думку грамадскасці, было б справядлівым аднавіць надмагілле князю Канстанціну Астрожскаму, якое ў XVI стагоддзі было ўсталяванае на месцы яго пахавання – у Кіева-Пячэрскай лаўры.

Для рэалізацыі гэтай задачы стварылі адмысловы Грамадскі аргкамітэт. «Рідна країна» прыводзіць словы аднаго з яго кіраўнікоў Міколы Таменкі, які ўпэўнены, што ўкраінскі бок можа знайсці агульную мову з літоўскім, і тады аднавіць надмагілле можна будзе без выкарыстання бюджэтных грошай.

Канстанцін Астрожскі (1460 – 11 верасня 1530) – дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мецэнат. Найвышэйшы гетман (1497 – 1500, 1507-1530), кашталян віленскі (1511 – 1522), ваявода троцкі (1522 – 1530). Выдатны палкаводзец, пад кіраўніцтвам якога атрыманыя перамогі больш чым у 60-ці бітвах, сярод іх – бітва пад Воршаю (1514).

Пасля смерці, згодна з запаветам, яго цела пахавалі ва Успенскім саборы Кіева-Пячэрскай лаўры. Над месцам пахавання быў пастаўлены майстэрскі выкананы надмагільны манумент у стылістыцы рэнесансу з ружовага мармуру, які быў знішчаны пры выбуху Успенскага сабора ў лістападзе 1941-га.

Праектам узнаўлення Успенскага сабора, распрацаваным у канцы 1990-х гг., прадугледжвалася аднаўленне страчанага надмагілля. На жаль, гэтае праектнае рашэнне не было рэалізаванае праз брак сродкаў.

24 лістапада беларускі Нацыянальны банк выпусціў манеты памятныя манеты «Канстанцін Астрожскі» серыі «Умацаванне і абарона дзяржавы». У першы дзень іх рэалізацыі 16 снежня ля касаў Нацбанку ўтварылася вялізная чарга.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў