У грамадстве наспявае пратэст супраць беларускай АЭС

video

Растуць пратэставыя настроі ў звязку з будаўніцтвам БелАЭС. Толькі сёлета ўжо некалькі аварыяў на будоўлі – апошняя здарылася ў ліпені. У выніку адкрытая незадаволенасць як жыхароў нашай краіны, гэтак і ўладаў Літвы. Да барацьбы з АЭС афіцыйна далучылася і апазіцыйная Абʼяднаная грамадзянская партыя.

Палітрада Абʼяднанай грамадзянскай партыі заклікала спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС. У партыі лічаць, што рашэнне аб пабудове станцыі было палітычна матываванае ды не мае эканамічнай мэтазгоднасці.

«Мы мяркуем, што будаваць такія абʼекты ў дыктатуры, пры адсутнасці грамадскага ды парламенцкага кантролю небяспечна…», – зазначыў Анатоль Лябедзька, лідар АГП.

Другою прычынаю такога закліку сталася доўгатэрміновае маўчанне ўладаў аб аварыях, якія адбываюцца на будаўнічай пляцоўцы. Інцыдэнты на АЭС прызнаюцца профільнымі ведамствамі з двухтыднёвым, а часам і яшчэ большым спазненнем. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка дык і ўвогуле на тэму аварыяў не выказваецца. Апошні раз атамную станцыю ён згадваў больш за месяц таму, падчас 5-га Усебеларускага сходу.

«Какие ваши доказательства?»

З моманту інцыдэнту з падзеннем корпуса рэактара мінуў амаль месяц, але ніхто так і не пабачыў відэазапісу здарэння, хоць, паводле прадстаўнікоў дзяржкарпарацыі «Росатом», такія кадры ў іх распараджэнні ёсць.

«Дрэнна, што гэта замоўчвалася, усе кажуць, што гэта небяспечна», – кажа жанчына.

Падобнай пазіцыі прытрымліваюцца таксама іншыя апытаныя намі выпадковыя менчукі. Пакуль жа вядома, што мантажныя працы корпуса рэактара прыпыненыя да таго часу, пакуль беларускія эксперты не ацэняць маштабу пашкоджанняў.

Ігар Кулей, «Белсат», фота – goodfon.ru

Глядзі таксама
Каментары