«Росатом»: Корпус рэактару БелАЭС не пашкоджаны, але мы гатовыя яго замяніць

video

Расейскі падраднік настойвае на нязначнасці інцыдэнту, які здарыўся 10 ліпеня падчас спробы ўсталяваць рэактар. Пра гэта распавёў першы намеснік генеральнага дырэктара карпарацыі «Росатом» Аляксандр Лакшын.

 

«Няштатная сітуацыя» здарылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара «пры правядзенні такелажных працаў па яго перамяшчэнню ў гарызантальнай плоскасці», якія ў ноч з 9 на 10 ліпеня праводзіла адна з субпадрадных арганізацыяў.

Корпус рэактара пераносілі на вышыні 4 метры, калі паламаўся пад’ёмны кран. Сам корпус замацавалі з перакосам. З гэтай прычыны корпус вісеў больш за паўгадзіны, пакуль не «дакрануўся да зямлі».

«Увесь гэты час перакос паступова павялічваўся і ў выніку прывёў да таго, што корпус рэактара праслізнуў па стропах і павіс дыяганальна, сутыкнуўшыся з зямлёю. На працягу ўсяго працэсу вялася няспынная відэаздымка і забяспечвалася рэгістрацыя нагрузкі на круку крана. Нават у момант дотыку да зямлі асноўная вага вырабу – больш за дзве траціны – утрымлівалася кранам. Таму выкарыстоўваць такія словы, як «удар аб зямлю« ці «падзенне«, няправільна, гэта ўводзіць людзей у зман, бо скажае сутнасць таго, што адбылося, бо хуткасць руху корпусу не перавышала хуткасці пешахода», – запэўніў Лакшын.

Будаўнікоў, якія вінаватыя ў парушэнні, пакаралі, запэўніў Лакшын.

«Субпадрадная арганізацыя панесла адпаведнае пакаранне, а яе працаўнікі, вінаватыя ў гэтым парушэнні, адхіленыя ад выканання абавязкаў і больш ніколі не будуць дапушчаныя да прац на нашых атамных аб’ектах».

Прадстаўнік «Росатома» падкрэсліў, што пашкоджання корпусу не было.

«Што ж датычыць корпусу, то ніводнае з істотных уздзеянняў, якія маглі б прывесці да змены яго ўласцівасцяў, ён не зазнаў.

Максімум, пра што можна казаць, – пра заводскую фарбу, якая сцерлася на корпусе ад трэння металёвых строп.

Паказанні прыбораў і разлікі пераканаўча даказваюць, што максімальная нагрузка на корпус была шматкроць менш дапушчальнай і ў паўтара раза ніжэй нават той, якую ён вытрымлівае бесперапынна ў рэжыме нармальнай эксплуатацыі на працягу шасцідзесяці гадоў.

Мы абсалютна перакананыя, што тэхнічных перашкод для выкарыстання корпусу не існуе. Але мы разумеем, што разам з прыярытэтам бяспекі і надзейнасці яшчэ адной найважнейшай умовай развіцця атамнай энергетыкі з’яўляецца грамадская прымальнасць. Дапускаем, што заказчык можа прыняць рашэнне не ўжываць гэты корпус, каб пагасіць хвалю чутак і ажыятаж сярод часткі насельніцтва.

Калі такое рашэнне будзе прынятае, мы гатовыя яго ўлічыць, бо разумеем асаблівае значэнне грамадскай прымальнасці пры будоўлі першай у краіне АЭС. Тады на першым блоку будзе ўсталяваны корпус рэактара, які прызначаўся для другога блоку. Яго выраб цяпер завяршаецца. Але гэтае рашэнне заказчыка, вядома, прывядзе да некаторага зруху графіку завяршэння будоўлі энергаблоку», – кажа ён.

25 ліпеня ў СМІ зʼявілася інфармацыя, што 10 ліпеня падчас выпрабавальнага трэніровачнага ўсталёўвання корпусу рэактара 334-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 мэтраў. Пасля працяглага маўчання Міністэрства энергетыкі Беларусі пацвердзіла чуткі.

Цяперашні выпадак на БелАЭС – не першы сёлета. За апошнія тры месяцы незалежныя медыі паведамілі пра тры здарэнні на будаўнічай пляцоўцы АЭС. У сярэдзіне красавіка праз спешкі ў правядзенні працаў паводле загаду кіраўніцтва рабочыя залілі зашмат бетону, канструкцыя не вытрымала і ў выніку абрынуліся стойкі будучага будынку ядравага абслугоўвання.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары