Сейм Літвы заклікае прыняць захады для спынення будаўніцтва Беларускай АЭС


Сейм Літвы заклікае прыняць захады, каб спыніць будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі. Адпаведную рэзалюцыю літоўскі парламент прыняў 12 траўня «ў сувязі з магчымай небяспекай для Літвы Астравецкай атамнай электрастанцыі, якая будуецца за 50 км ад Вільні».

Літоўскія дэпутаты заклікалі свой урад «прыняць усе неабходныя дыпламатычныя, юрыдычныя, тэхнічныя захады, каб будаўніцтва было спыненае», паведамляе навінны партал Delfi. Парламентарыі таксама вырашылі «накіраваць Беларусі сігнал, што Літва не прыме электраэнергію, якая будзе выпрацоўвацца на гэтай АЭС», у сувязі з чым Кабінету міністраў прапанавана «неадкладна, вельмі цвёрда і ў катэгарычным выглядзе выказаць Беларусі волю Літвы».

Паводле інфармацыі парталу, да 1 чэрвеня ўрад павінен прадставіць дэпутатам план канкрэтных дзеянняў у гэтым кірунку.

Паведамляецца таксама, што прэмʼер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус мае намер абмеркаваць праблему бяспекі БелАЭС са старшынёй Еўракамісіі Жан-Клодам Юнкерам.

5 траўня Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту з-за «магчымага інцыдэнту на размешчанай за 50 км ад Вільні Астравецкай атамнай электрастанцыі». Падставай для гэтага стала апублікаваная на Belsat.eu інфармацыя пра абрушэнні ў сярэдзіне красавіка стоек будынку ядравага абслугоўвання электрастанцыі, які ўзводзіцца.

На наступны дзень Міністэрства энергетыкі Беларусі паведаміла, што 8 красавіка быў зафіксаваны дэфект пры падрыхтоўчых работах, наступствы якога ліквідаваныя.

У той жа дзень у Міністэрстве энергіі прайшла сустрэча намесніка міністра Уладзіміра Закрэўскага з паслом Літвы ў Беларусі Эвалдасам Ігнатавічусам, падчас якой дыпламата запрасілі наведаць пляцоўку станцыі. Затым пасол быў прыняты ў МЗС Беларусі, дзе яму была перададзена афіцыйная інфармацыя пры адсутнасць якіх-небудзь інцыдэнтаў на будпляцоўцы. 10 траўня стала вядома, што дыпламат адмовіўся ад запрашэння наведаць будпляцоўку, спаслаўшыся на тое, што бяспеку станцыі «мусяць ацэньваць эксперты».

Афіцыйная Вільня неаднаразова падкрэслівала, што Літва не мае намеру купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. З пункту гледжання літоўскага боку, будаўніцтва станцыі парушае патрабаванні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў транспамежным кантэксце, якая прадугледжвае ацэнку ўздзеяння абʼектаў на навакольнае асяроддзе не толькі ўнутры краіны, але і ў сумежных краінах.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў