Літоўцы пра Астравец: У выпадку аварыі на беларускай АЭС нам прыйдзецца пераносіць сталіцу


У Літве збіраюць подпісы, каб прызнаць першую беларускую АЭС небяспечным аб’ектам.

Былы старшыня літоўскага парламенту Вітаўтас Ландсбергіс лічыць, што ў выпадку катастрофы беларуская АЭС стане атамнай бомбай. Палітык – адзін з ініцыятараў збору подпісаў у Літве пад адмысловым законапраектам, сутнасць якога – на заканадаўчым узроўні прызнаць атамную станцыю ў Беларусі небяспечным абʼектам. А значыць і адказ з боку Вільні мусіць быць адназначны.

«Літва адмаўляецца набываць магчымую энергію, калі станцыя будзе пабудаваная, і адмаўляецца прапускаць гэтую энергію праз сваю тэрыторыю», – кажа Ландсбергіс.

Ініцыятыўная група зарганізаваная партыяй кансерватараў «Саюз Айчыны-Хрысціянскія дэмакраты» сабрала пад законапраектам каля 65 тысячаў подпісаў, якія сёння Найвышэйшая выбарчая камісія Літвы прызнала сапраўднымі.

«На адмысловым паседжанні мы афіцыйна пацвердзілі факт збору подпісаў, зацвердзілі колькасць. І цяпер гэтыя дакументы пойдуць далей у Сейм Літвы, дзе і будзе вызначацца іх далейшы лёс», – кажа Лаўра Матʼёшайціце, намесніца старшыні найвышэйшай выбарчай камісіі Літвы.

Як спадзяецца спадар Ландсбергіс, разгляд дакументу на найвышэйшым узроўні ў Літве і падтрыманне законапраекту парламентам прымусіць увесь Еўразвяз звярнуць больш пільную ўвагу на будаваную за 20 кіламетраў ад еўрапейскай мяжы атамную станцыю. І Брусель паставіць пытанне перад Менскам востра: або вы дакажаце бяспеку станцыі, або мы не купляем вашай энергіі.

«Вялікая аварыя будзе азначаць, што трэба эвакуяваць сталіцу Вільню і што вялізны рэгіён, не толькі Літвы, але і самой Беларусі разам з яе жыхарамі, будзе непрыдатны для жыцця», – лічыць Ландсбергіс.

І быццам адказ афіцыйнай Вільні прагучаў сёння з вуснаў міністра надзвычайных сітуацыяў Беларусі. Уладзімір Вашчанка запэўнівае, што ўсе нестандартныя сітуацыі адпрацоўваюцца ўжо даўно. Наперадзе – чарговыя вучэнні ў справе ліквідацыі аварыяў на АЭС.

«Сёлета запланаваныя вучэнні ў Расеі з нашым удзелам. Ёсць дамоўленасць аб правядзенні трэнаванняў на атамных станцыях. Мы ўжо праводзілі падобныя вучэнні, напрыклад, у 2010 годзе. Наступныя мы правядзем у Валгадонску», – заяўляе міністр надзвычайных сітуацыяў Беларусі Уладзімір Вашчанка.

Аднак эксперты звяртаюць увагу на адсутнасць у самой Расеі якаснай праграмы бяспекі на атамных станцыях, таму і да вучэнняў на расейскай базе ставяцца скептычна. Не кажучы ўжо пра якасць саміх рэактараў, якія таксама робіць Расея.

Глядзіце рэпартаж Юрыя Салодкага[/vc_column_text][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=mQS_3Le06eA&feature=youtu.be”][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў