Мантаж корпусу рэактара БелАЭС прыпынены


Пра гэта 1 жніўня паведаміў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, піша belapan.by.

Паводле чыноўніка, рашэнне аб прыпыненні мантажу корпусу прынятае замоўцам і органам рэгулявання адразу пасля пазаштатнай сітуацыі.

Гаворачы пра далейшае развіццё падзей, Міхадзюк праінфармаваў: «Магчымыя толькі два сцэнары: або выкарыстанне гэтага корпусу, але пры пацверджанні бяспекі матэрыялаў, або яго замена. Іншых варыянтаў ня можа быць. Аднак зараз слова за адмыслоўцамі. Мы ў першую чаргу кіруемся неабходнасцю безумоўнай арганізацыі бяспекі АЭС».

У гэты час сітуацыю з корпусам рэактара вывучае шэраг адмыслоўцаў з Беларусі і Расеі.

«Генпадрадчык адзначае, што пашкоджаная афарбоўка корпусу рэактара. Трэба сказаць, што ёсць сляды ад строп. Але мы запатрабавалі больш глыбокі аналіз стану мэталу і корпусу рэактара. Такія экспертызы расейскім бокам праведзеныя, матэрыялы паводле іх вынікаў нам перададзеныя, але патрэбны час, каб разабрацца і вынесці канчатковы вердыкт», – сказаў Міхадзюк.

Намеснік міністра энергетыкі запэўніў, што з вынікамі расследавання будзе азнаёмленая грамадзкасць, у тым ліку і міжнародныя эксперты.

25 ліпеня ў медыях зʼявілася інфармацыя, што 10 ліпеня падчас выпрабавальнага трэніровачнага ўсталёўвання корпусу рэактара 334-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 мэтраў. Пасля працяглага маўчання Міністэрства энергетыкі Беларусі пацвердзіла чуткі.

Цяперашні выпадак на БелАЭС – не першы сёлета. За апошнія тры месяцы незалежныя медыі паведамілі пра тры здарэнні на будаўнічай пляцоўцы АЭС. У сярэдзіне красавіка праз спешкі ў правядзенні працаў паводле загаду кіраўніцтва рабочыя залілі зашмат бетону, канструкцыя не вытрымала і ў выніку абрынуліся стойкі будучага будынку ядравага абслугоўвання.

У афіцыйнай суполцы БелАЭС ва «УКантакцке» паведамленне ў медыях пра падзенне корпусу рэактара палічылі «чорным піярам».[/vc_column_text][vc_single_image image=”262560″ img_size=”large”][vc_column_text]Фота: vk.com/bel.atom

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў