У Гомлі суд адмовіўся разглядаць скаргу на падатковую па дэкрэце «аб дармаедах»


Суд Цэнтральнага раёну Гомля адмовіў актывісту незалежнага прафсаюзу РЭП Віктару Рубцову ў разглядзе скаргі на дзеянні падатковай інспекцыі, якая на падставе дэкрэту № 3 абавязала яго заплаціць збор на фінансаванне дзяржвыдаткаў.

Ліст з апавяшчэннем аб адмове разгляду скаргі Рубцоў атрымаў 3 сакавіка.

37-гадовы актывіст – сын былога палітзняволенага Юрыя Рубцова, які эміграваў у Нямеччыну – падаў у суд скаргу з просьбай прызнаць ягоны ўдзел у фінансаванні дзяржвыдаткаў, а дэкрэт кіраўніка краіны – неканстытуцыйным.

Паводле Рубцова, суд адказаў, што адмаўляе ў разглядзе скаргі ў сувязі з яе непадведамаснасцю і што дадзенае пытанне адносіцца да кампетэнцыі Канстытуцыйнага суда Беларусі.

«Атрымліваецца, што дэкрэт кіраўніка Беларусі не можа быць падвергнуты сумневу. Канстытуцыйны суд не разглядаў дэкрэт на прадмет ягонай канстытуцыйнасці, але абскардзіць яго немагчыма. А грамадзяне не маюць права звяртацца ў Канстытуцыйны суд. У той жа час у падатковай ёсць права, каб браць з мяне падаткі, а ў міліцыі – права, каб мяне пасадзіць», – заявіў Рубцоў, адзначыўшы, што будзе падаваць пратэст у Гомельскі абласны суд.

Як улады рэагуюць на пратэсты грамадзянаў

Пасля «Маршу недармаедаў», што адбыўся ў Гомлі 19 лютага, на Віктара Рубцова склалі пратакол за парушэнне парадку правядзенне масавых мерапрыемстваў. Актывіста будуць судзіць і могуць пакараць штрафам альбо адміністрацыйным арыштам.

Віктар Рубцоў падаў скаргу ў суд услед за гамельчуком Аляксандрам Сямёнавым, скарга якога разглядалася 21 лютага, але справа была спыненая ў сувязі з непадведамаснасцю.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў