У Генпракурора «адчуванне», што на Дзень Волі не затрымлівалі выпадковых людзей


Фота : sputnik.by

Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк лічыць, што затрыманні падчас Дня Волі не былі беспадстаўнымі, а супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі нашмат больш карэктна, чым у іншых краінах, паведамляе БелаПАН.

«Калі акцыя ці мерапрыемства несанкцыянаванае, то гэта ў любой краіне, што ў нас, што ў ЗША, што ва Францыі, гэта ўсё каральныя дзеянні, незаконныя дзеянні, – сказаў Канюк. – Вы ж бачылі, як у іншых краінах дзейнічаюць, і як нашы дзейнічалі. Дарэчы, нашы работнікі – і міліцыі, і іншых праваахоўных органаў – нашмат больш карэктна дзейнічалі, чым у іншых краінах».

Паводле Генпракурора, дзеянні сілавікоў падчас жорсткага хапуну ў цэнтры Менска былі цалкам апраўданыя нават у дачыненні да пажылых людзей. Сярод закінутых у аўтазак апынуўся 81-гадовы паэт Ян Грыб, які прыйшоў святкаваць Дзень Волі разам з дачкой.

«Калі яны парушаюць закон, то што з імі рабіць. Пажылы гэта, малады, стары і гэтак далей – якая розніца», – сказаў Генпракурор.

На ягоную думку, у цэнтры Менска 25 сакавіка не затрымлівалі выпадковых людзей. У адказ на скаргі, што дасылаюцца ў пракуратуру аб незаконных дзеяннях і беспадстаўных затрыманнях простых людзей падчас акцыі, Канюк сказаў:

«Трэба з гэтым разбірацца, таму што ў мяне такое адчуванне, што наўрад ці гэта выпадковыя людзі».

Канюк таксама абвінаваціў медыі ў заангажаванасці падчас асвятлення Дня Волі.

Па тэме : 

ВЧ, belsat.eu паводле belapan.by

Глядзі таксама
Каментары