У Будславе па «наводцы» БРСМ затрымалі Славаміра Адамовіча


Паэта і грамадскага дзеяча затрымалі падчас урачыстасцяў у гонар абраза Маці божай Будслаўскай.

Як паведамляе БелаПАН, паэта затрымалі людзі ў цывільным і прапанавалі даглядзець яго сумку. Пасля адмовы праходзіць дагляд Адамовіча скруцілі і пасадзілі ў машыну хуткай дапамогі. Затым яго на гэтай машыне павезлі на медагляд у суправаджэнні міліцыянта.

Славамір Адамовіч паспеў паведаміць, што людзі ў цывільным прадставіліся сябрамі БРСМ, а сваё затрыманне ён лічыць незаконным. У Будслаў ён прыехаў, каб адведаць магілы сваіх продкаў.

«Я прыехаў да бацькоў. У мяне дзед пахаваны на будслаўскіх могілках. Многа людзей збіраецца на Будслаўскі фэст, афіцыйнае святкаванне якога мусіць адбыцца заўтра. Ужо сёння тут прысутнічае шмат людзей, а мясціна ачэплена грамадзянскімі людзьмі ў нейкай форме з сінімі элементамі. Я мог бы пушчанскімі шляхамі прайсці да дзедавай магілы, але навошта мне кружыць? Як мне прызналіся людзі ў цывільным, у ачапленні стаяць члены БРСМ, якія выконваюць незразумела якія функцыі. Сёння адзін грамадзянскі чалавек патрабуе ў другога грамадзянскага чалавека паказаць торбы. Я быў на веласіпедзе, не стаў рэагаваць на прэтэнзіі, і паспрабаваў прайсці далей. Не, гэты чалавек тэлефануе: тут жа прыязджае адна каманда міліцыянтаў, за ёй другая. У выніку я затрыманы, зараз ляжу ў гарызантальнай пазіцыі ў хуткай дапамозе. Вырашаюць – што са мной, злачынцам, рабіць», – распавёў «Беларускай праўдзе» Адамовіч.

Будслаўскі фэст праходзіць у Беларусі штогод і збірае вялікую колькасць каталіцкіх вернікаў з розных краінаў. Сёння і заўтра тут адбудуцца святочныя набажэнствы. Адно з іх пройдзе з удзелам папскага легата кардынала Крыстафа Шонбарна.

Фота: facebook.com/slavamir.adamovich

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Глядзі таксама
Каментары