А ў красавіку ў вугорскай сталіцы пройдуць Дні беларускай сталіцы.
Адну з плошчаў у Будапэшце назавуць у гонар Менску. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў Амбасадзе Беларусі ў Вугоршчыне.
Паводле дарадцы амбасады Андрэя Аўраменкі, гэты крок – лагічны працяг актыўнай супрацы паміж абодвума гарадамі, якая распачалася два года таму. У яе межах летась Менск наведаў мэр Будапэшту Іштван Тарлош.
«Раней гэта было проста скрыжаванне трох вуліцаў, якое не мела адмысловай назвы. Знаходзіцца яно недалёка ад амбасады, літаральна ў 30 метрах», – распавёў Андрэй Аўраменка.
«Вітаем рашэнне гарадской рады Будапэшту аб прадстаўленні адной з плошчаў венгерскай сталіцы імя Менску», – гаворыцца ў паведамленні амбасады ў Twitter. – Прыемна, што плошча – побач з амбасадай».
Рашэнне ўладаў Будапэшту ў амбасадзе лічаць важным крокам у падрыхтоўцы да Дзён Менску, якія пройдуць сёлета ў красавіку.
Паводле Аўраменкі, пасля таго, як на скрыжаванні ўсталююць шыльду, а назва з’явіцца на гарадскіх мапах, амбасада распачне размовы аб уладкаванні гэтае прасторы.
ДД