У Берасці зачынілі самую танную беларускамоўную газету


Дзяржаўная прэса, што датуецца з бюджэту, нясе страты. З Новага года спыніла існаванне берасцейская абласная газета «Народная трыбуна».

Газета выдавалася з 1990 года на беларускай мове раз у тыдзень, накладам 3500 асобнікаў. За 26 гадоў выйшла 1352 нумары газеты. Адзначым, што Трыбуна была самай таннай газетай (20 капеек).

Закрыццё выдання ў рэдакцыі называюць новым жыццём. У апошнім артыкуле, што з’явіўся на сайце «Народнай Трыбуны» гаворыцца:

Нумар, які вы, паважаныя чытачы, трымаеце ў руках сёння, выйшаў у апошні раз. Але гэта зусім не азначае развітанне з газетай на матчынай мове. Справа ў тым, што ў выніку рэарганізацыі абласной газеты «Заря» шляхам далучэння да яе абласной газеты «Народная трыбуна» беларускамоўнае выданне стане выходзіць у новым фармаце. Двойчы ў месяц, па чацвяргах, газета «Заря» будзе рыхтаваць тэматычны беларускамоўны спецвыпуск «Берасцейскія далягляды».

Большасць супрацоўнікаў выдання ўжо шукаюць новую працу. Працаўнікі Трыбуны мелі бадай што самы нізкі заробак сярод дзяржаўных медыяў.

Сурʼёзныя фінансавыя цяжкасці ёсць і ў тэлерадыёкампаніі «Брест» – у студзені ў эфір выходзяць толькі навіны, а большасць супрацоўнікаў адправілі ў адпачынкі за свой кошт.

АС, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары