У Аўтуховіча – апошні дзень прэвентыўнага нагляду. «Буду збіраць доказы сваёй невінаватасці»


«Першае, што зраблю ў першую ноч без прэвентыўнага нагляду… то як лягу спаць – і да самага ранку!» Былы палітвязень распавёў «Белсату» пра планы на вольнае жыццё.

– Зраблюся больш манеўраны: куды захацеў – пайшоў, калі захацеў – падняўся. Хоць свабода ў Беларусі – панятак адносны. Няма тут вольнага паветра, няма чым дыхаць. Таму мала што зменіцца. Ды й па шчырасці, насцярожвае, што яны мяне адпусцілі. Магчыма, маюць на мяне новыя планы…

– Якія?

– Ня ведаю. Але нешта дзеецца. Напярэдадні зусім дзіўная была гісторыя. З майго нумару ўначы паступіла 2 званкі на карпаратыўны нумар хлапца, з якім я знаёмы, але пра якога ніхто не ведае. Тэлефону а ні я, а ні жонка – не чапалі. Таму вельмі дзіўна.

– То бок пад наглядам сочаць і нават слухаюць?

– Найгоршае што ў рэстарацыю ідучы ці да лекара трэба было «папярэджваць». І не было сну. Два разы на ноч прыходзілі адзначаць прысутнасць. Ці праслухоўвалі… (іранічна смяецца).

– Чым зоймецеся, чаго не рабілі дагэтуль?

– Цяпер больш упарта і накіравана буду збіраць доказы сваёй невінаватасці. Ёсць жа пэўныя сведкі, паперы. Усё пазбіраю.

Для мяне галоўнае каб паказанні даў следчы па маёй справе Мікалай Аліхвер, які жыве ў ЗША. Амерыканскі адвакат кажа, што на такія паказанні спатрэбіцца каля $ 10 000.

Пакуль у мяне такіх грошай няма… Гэта пры тым, што сам адвакат будзе працаваць за дарма. Сродкі пойдуць на вонкавыя аплаты.

– Ці ўдалося добра наладзіць бізнес пасля вяртання з калоніі?

– Па Ваўкавыскіх мерках – так. Сярод таксі я (фірма Ніка-таксі) найгоршы канкурэнт для ўсіх. Бо ў нас найлепшыя кошты, сацыяльны ды іншыя ільготныя тарыфы, 8 аўтаў з новенькім дызайнам. Нават замест «Хуткай» людзі нас выклікаюць. Але ж душаць нас, хочуць забраць ліцэнзію. То за гандлёвы знак мы змагаліся, то за плафоны, на якіх ён быў надрукаваны. Як гэта абаранілі, то новыя палкі ў колы – праверкі. Парушэнні канешне знайшліся, і штрафы, налічаныя судом мы аплацілі. Ліцэнзію ўбераглі.

– Але ці на доўга?

– А што надоўга ў нас на Радзіме? Фірму закрыюць, дык іншую не доўга адкрыць. Для мяне больш цікава ці надоўга я на волі? Але і адказ я маю… Я вельмі асцярожны чалавек, шмат гляджу па баках і зазіраю ў вочы людзей. Калі гэта нават не апошняя мая адсідка, то кідаючы мяне за краты ім на гэты раз не ўдасца спыніць пераменаў. Бо ў вачах беларусаў я бачу – перамены наспяваюць!

Гутарыла Юлія Цяльпук, belsat.eu

Стужка навінаў