У алімпійскай вёсцы адкрылі Сцяну перамір’я

Фота

5 лютага 2018 года. Чанг Ун, чалец Міжнароднага алімпійскага камітэту з Паўночнай Карэі, пазуе перад сцяной алімпійскага перамір’я у спартовай вёсцы у Пхенчхане. Фота – Kyodo/MAXPPP/Forum

Яна сімвалізуе спакой і спыненне войнаў у свеце.

У алімпійскай вёсцы ў Пхенчхане прайшло ўрачыстае адкрыццё Сцяны перамір’я, якое правёў прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах. Тры метры ў вышыню, шэсць з паловай у даўжыню, яна сімвалічна праламаная ў сярэдзіне – і адкрытая для зменаў: спартоўцы, якія жывуць у алімпійскай вёсцы, могуць пакідаць на ёй свае пасланні.

Адныя з галоўных герояў сёлетніх Гульняў – спартоўцы з КНДР. Да іх прыцягнутая ўвагу сусветных, а перадусім – паўднёвакарэйскіх медыяў. Арганізатары падкрэсліваюць, што прыезд прадстаўнікоў КНДР падкрэслівае сімвалізм Алімпійскіх гульняў як імпрэзы, падчас якой спыняюцца ўсе войны.

Каманда КНДР прыязджае на зімовыя Алімпіяды нерэгулярна: з апошніх дванаццаці Гульняў паўночнакарэйскія атлеты былі толькі на сямі. Апошні раз медаль «белай» алімпіяды Паўночная Карэя заваявала ў 1992-м у Альбэрвіле.

Сёлетняя алімпійская дэлегацыя КНДР складаецца з 47 чалавек: дваіх фігурыстаў, траіх лыжнікаў, траіх гарналыжнікаў, дваіх шорттрэкістаў, дванаццаці хакеістак і больш за двух дзясяткаў афіцыйных асобаў, трэнераў і тэхнічных супрацоўнікаў.

Цікава, што ў жаночых спаборніцтвах па хакеі згуляе аб’яднаная каманда КНДР і Рэспублікі Карэя.

Сімвал Сцяны перамір’я – алімпійскі голуб пакою.

Аўтар Сцяны перамір’я ў Пхенчхане – паўднёвакарэйскі дызайнер Лі Чжэ Сок.

Аб ідэі і гісторыі сцяны можна пачытаць на старонцы МАК.

ДД

Глядзі таксама
Каментары