У адказ на замах у Петраградзе – расстрэлы ў Віцебску. 100 гадоў ад пачатку «Чырвонага тэрору»


У гэтыя вераснёўскія дні спаўняецца 100 гадоў з афіцыйнага пачатку Чырвонага тэрору – карных аперацыяў бальшавікоў супраць усіх рэальных, а таксама меркаваных ці нават толькі патэнцыяльных праціўнікаў камуністычнай дыктатуры.

Фактычна ж, дзеянні чырвоных карнікаў з той ці іншай ступенню жорсткасці працягваліся ў Беларусі ўвесь перыяд панавання камуністаў ажно да канца 1980-х гадоў.

Тэрор – у адказ?

Бальшавікі прыйшлі да ўлады праз пераварот восенню 1917 года, пасля чаго перайшлі да гвалтоўных дзеянняў і ў Менску – арганізаваўшы разгон расейскімі войскамі Першага ўсебеларускага з’езду.

Так званая ЧеКа (затым ГПУ, НКУС, НКГБ, КГБ) – «Всероссийская чрезвычайная комиссия по борьбе с контрреволюцией и саботажем» была арганізаваная ўжо 20 снежня 1917 года. Аднак афіцыйна савецкі тэрор пачаўся увосень 1918 года. Ад словаў «надзвычайная камісія» (чрезвычайная комиссия) і паходзіць слова «чэкіст».

У савецкія часы прапаганда пісала, што тэрор камуністаў быў выкліканы толькі ўмовамі вайны і жорсткага супрацьстаяння з іншымі палітычнымі групамі. Адкрытай нагодаю для гэтага сталіся забойства начальніка Петраградзкай ЧеКа Маісея Урыцкага 22-гадовым вайсковым кадэтам Леанідам Канегісерам 17 жніўня 1918 года, а потым няўдалы замах Фані Каплан на лідара бальшавікоў Уладзімера Леніна 30 жніўня.

Абвестка ў камуністычнай газеце пра расстрэлы ў Віцебску ў адказ… на падзеі ў Петраградзе.

Аднак яшчэ да гэтых падзеяў Ленін слаў тэлеграмы з патрабаваннем масавага тэрору супраць сялянаў, якія не хацелі задарма аддаваць камуністам зерне. Гвалтоўныя рэквізіцыі, якія часта пераўтвараліся ў кампанію адкрытага рабавання, прыводзілі да шматлікіх інцыдэнтаў і лакальных паўстанняў, калі сяляне пачыналі на сілу адказваць сілай. Таму Ленін загадваў падначаленым:

«Таварышы! Паўстанне пяці валасцей кулачʼя павінна прывесці да бязлітаснага [падкрэслена] здушэння. Гэтага патрабуе інтарэс усёй рэвалюцыі, бо цяпер паўсюль апошні рашучы бой з кулачʼём. Прыклад трэба даць.

1. Павесіць (абавязкова павесіць, каб народ бачыў) не менш 100 заведамых кулакоў, багатых, крывасмокаў.

2. Апублікаваць іхныя імёны.

3. Адняць у іх увесь хлеб.

4. Прызначыць закладнікаў – згодна з учорашняй тэлеграмай».

Закладнікі ў дадзеным выпадку – гэта пераважна выпадковыя людзі, якіх арыштоўвалі, а потым забівалі «у адказ» на нейкія падзеі, якія былі бальшавікам не да спадобы.

Арыгінал тэлеграмы 11 жніўня 1918 года Леніна з патрабаваннем тэрору

Яшчэ раней – 5 ліпеня 1918 года на V Усерасейскім зʼездзе саветаў выступіў старшыня Усерасейскага цэнтральнага выканаўчага камітэту Якаў Свярдлоў і заклікаў да масавага тэрору. Зʼезд ухваліў гэтую ідэю.

Зараз вуліцы ў імя гэтага аднаго з ідэолагаў масавага знішчэння людзей ёсць у Менску, Берасці, Гомлі, Бабруйску, Мазыры і Рагачове. І яшчэ ў снежні 1917 года Леў Троцкі заяўляў: «Вам трэба ведаць, што не пазней, чым праз месяц, тэрор прыме вельмі моцныя формы… Ворагаў нашых будзе чакаць гільяціна, а не толькі турма».

І ў прынцыпе ідэйныя асновы тэрору закладаў яшчэ Карл Маркс, галоўны ідэолаг бальшавікоў: «Мы не ведаем літасці і не чакаем літасці. Калі прыйдзе наша чарга, мы не будзем прыхоўваць тэрор» («Новая Рэйнская газета» ад 8 траўня 1849 года). Такім чынам, бальшавікі не адказвалі тэрорам на гвалт сваіх палітычных праціўнікаў. Яны былі ініцыятарамі гвалту, і іхная дактрына ад пачатку ўключала масавыя карныя аперацыі з са знішчэннем выпадковых нявінных людзей – з мэтай застрашыць (затэрарызаваць) астатніх.

Ідэі, метады, вынікі

Дэкрэт пра тэрор быў абвешчаны 5 верасня 1918 года: «Неабходнасцю зʼяўляецца забеспячэнне тылу шляхам тэрору… Неабходна забяспечыць Савецкую Рэспубліку ад класавых ворагаў шляхам ізалявання іх у лагерах. Павінны быць расстраляныя ўсе асобы, якія датычныя да белагвардзейскіх арганізацыяў, змоваў, паўстанняў».

Аднак «асобы, якія датычныя» знаходзіліся вельмі простымі метадамі.

«Не шукайце ў папках доказы абвінавачанняў, каб вырашыць, ці выступаў абвінавачаны супраць Саветаў са зброяй ці на словах. Спытайце яго, да якога класу ён належыць, якое ў яго паходжанне, адукацыя, якая ў яго прафесія. Вось пытанні, якія будуць вырашаць лёс абвінавачанага. Гэта значэнне і сутнасць Чырвонага тэрору», – пісаў шэф чэкістаў Украіны Марцін Лаціс у газеце восенню 1918 года.

Масавае фізічнае знішчэнне людзей было часткай бальшавіцкай светапогляднай вайны супраць беларускага і іншых народаў. Па меркаванні камуністаў павінен быў паўстаць новы савецкі чалавек, мараль якога абумоўленая выключна матэрыяльнымі меркаваннямі.

«Няхай жыве Чырвоны Тэрор» – камуністычны транспарант 1918 года. Крыніца – wikimedia.org

Замест Бога гэты новы чалавек павінен быў зрабіць сабе ідала ў выглядзе камуністычнага вучэння, распаліць канфлікты паміж людзьмі і ставіць вышэй за ўсё палітычную правільнасць – «маральна апраўданае тое, што добра для партыі і пабудовы камунізму».

Вось што казаў Ленін на ІІІ з’ездзе Расейскага камуністычнага саюзу моладзі (будучага камсамолу) у 1920 годзе: «Нашая мараль падпарадкаваная цалкам інтарэсам класавай барацьбы пралетарыяту. Нашая мараль выцякае з інтарэсаў класавай барацьбы пралетарыяту. Мы кажам: мараль гэта тое, што служыць разбурэнню старога эксплуататарскага грамадства і абʼяднанню ўсіх працоўных вакол пралетарыяту, які стварае новае грамадства камуністаў».

Гэта практычна нічым не адрознівалася ад ідэйных (хоць і не такіх адкрытых у афіцыйнай прапагандзе) установак нацыстаў. «Для эсэсаўца павінен заўсёды дзейнічаць прынцып: быць сумленным, верным да людзей сваёй крыві, ставіцца па-таварыску да іх, але больш ні да каго… Гэта тое, што я хачу прышчапіць СС і – як мне падаецца, ужо прышчапіў як адну са святарных запаведзяў на будучыню: мы маем доўг перад нашым народам і нашай крывёй. Усё астатняе павінна нам быць абыякава», – казаў кіраўнік СС Генрых Гімлер на нарадзе кіраўніцтва СС у Познані 4.10.1943.

Кліп «Сумнае рэгі» гурта Dzieciuki. TuzinFM

Адпаведна аднолькавымі былі і вынікі ажыццяўлення ідэяў камуністычных і нацыстоўскіх забойцаў – сотні тысячаў і мільёны забітых, закатаваных людзей. Катынь і Хатынь, Курапаты і Трасцянец.

Гісторыкі і дэмографы пакуль спрачаюцца, колькі канкрэтна было ахвяраў чырвонага тэрору ў 1917-1922 гадах, калі бальшавікі змагаліся за ўладу над краінамі і народамі на развалінах Расейскай імперыі. Лічбы афіцыйна забітых, на якіх захаваліся дакументы, вагаюцца ад 50 тысяч да 140 тысячаў. Аднак значна болей было знішчаных без працэдураў і дакументаў – пры здышэнні тых жа сялянскіх бунтаў. Агулам лік забітых камуністычнымі тэрарыстамі толькі ў гэты час можа даходзіць да 2 мільёнаў.

Аднак з заканчэннем Грамадзянскай вайны, войнаў супраць нацыянальна-дэмакратычных рухаў, такіх як беларускі, тэрор не скончыўся, а працягваўся ўвесь час камуністычнага панавання. Адно што ў часы позняга СССР і набыў больш прыхаваныя і менш людажэрныя формы – прымусовае заключэнне ў псіхіятрычныя ўстановы, турэмнае заключэнне.

Колькі-небудзь дакладныя ацэнкі ахвяраў гэтай палітыкі ў Беларусі за ўвесь перыяд яе акупацыі Саветамі адсутнічаюць.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары