«Ты памятаеш, як Івану разарвала галаву ад снайперскай вінтоўкі»


Журналіст году ў Польшчы распавёў belsat.eu пра законы выжывання на вайне. 

Пётр Андрусечка – карэспандэнт «Gazeta Wyborcza», працуе ва Украіне з пачатку Майдану. 

Мы [Андрусечка і два аператары выдання – рэд.] прыехалі ў Славянск на пачатку канфлікту. У нас не было баявога досведу.

Першая праблема, з якой я сутыкнуўся, мы сталі мішэнямі. Хтосьці размясціў у інтэрнэце мой фотаздымак з інфармацыяй, што я ў Славянску і што мяне трэба злавіць і даставіць у нейкі падвал. Горад быў блакаваны, шлі баі. Я зразумеў, што трэба выбірацца. Мне пашанцавала з’ехаць з Кітайскім тэлебачаннем. Кітайскіх журналістаў, як і расейскіх, не краналі, але самае смешнае, што яны былі з Лондану, хай і працуюць на тэлекампанію з Го-Конгу.

Я баўся, але вярнуўся ў Данецк на раферэндум

Нам пашанцавала з людзьмі, таксісты нас не здавалі. Да канца чэрвеня я працаваў на тэрыторыі сепаратыстаў. Потым я зразумеў, што мне ўжо няма чаго там рабіць і паехаў у зону баявых сутыкненняў на ўкраінскі бок.

Украінскія ваенныя з штабу АТА паказвалі тое, што хацелі нам паказаць. Я стаў шукаць іншыя крыніцы. Паглядзець на тыя блокпасты, куды ваенныя нас не вазілі. На першы небяспечны блокпост я прыехаў пасля танкавага бою. Пазіцыі сепаратыстаў – 200 метраў. Я змог шчыра паразмаўляць з вайскоўцамі. Яны бачаць, што ты прыехаў у небяспечнае месца дзеля іх. У такі момант можна зрабіць добры матэрыял.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Пра Ілавайскі кацёл і спецатрад СБУ

Я пазнаёміўся з спецатрадам СБУ. Знайшоў агульную мову з іхным камандзірам. Яны мне дазволілі з сабой трошку пабыць падчас аперацыі ў Краматорску, калі арыштоўвалі людзей і збіралі зброю. Каб я гэта рабіў праз камандаванне АТА, мне б не далі такога дазволу.

Пад канец жніўня вырашылі ехаць у Ілавайскі кацёл, калі ўжо стала ясна, што сітуацыя выходзіць з-пад кантролю. Дабрацца вырашылі з адзіным украінскім атрадам, які ехаў на дапамогу вайскоўцам. Але нам пашанцавала, мы не сустрэліся і не знайшлі іх. Трэба было вельмі хутка праехаць кіламетр трасы, якая абстрэльвалася. Ты едзеш і раптам сувязь знікае. Вырашылі паехаць на Мар’інку каля Данецку. У нашай рэдакцыі так: 24 гадзіны цябе няма – значыць, няма сувязі, усё яшчэ можа быць нармальна. 

Небяспечна нават хадзіць у прыбіральню!

Быў момант, калі мы знаходзіліся 18 хвілінаў пад абстрэлам у акопе. Былі параненыя, але забойстваў на ўласныя вочы я на вайне не бачыў, толькі на Майдане. Гэта не сучасная вайна, калі пяхота не можа звязацца па рацыі з артылерыстамі, а тыя стаяць побач. Сувязь праз мабільны. Гэта не так, як з карцінкі пра зладжаных амерыканскіх вайскоўцаў у Іраку.

Калі бачылі фільм жахаў вайны «Апакаліпсіс сёння», то пасля размоваў з украінскімі жаўнерамі гэты фільм выглядае не такім жахлівым. Пасля праглядання іхных відэазапісаў можна зрабіць лепшы сцэнар. Вайскоўцы спакойна жартуюць са смерці сяброў падчас абстрэлу: – «Ты памятаеш, як разарвала галаву ад снайперскай вінтоўкі Івану?» – і смяюцца. Іхная псіхіка спрабуе змагацца з гэтым. Гэта рэакцыя, каб не звар’яцець.

У нас заўсёды былі праблемы на блокпастах. На баку ДНР цяжка працаваць. Я ўжо доўга не магу зрабіць матэрыялу пра польскіх наймітаў, бо за ўвесь час знайшоў толькі траіх. А сепаратыст табе даказвае «Вашы найміты абстрэльвалі Славянск, там стаялі амерыканскія танкі «Абрамс!» З імі бессэнсоўна спрачацца.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

«Людзі з абодвух бакоў хочуць са зброяй ісці наперад і страляць»

Гэта дакладна не замірэнне. Паўсюль страляюць. Я не чакаю, што ў найбліжэйшы час будуць маштабныя аперацыі. У сепаратыстаў няма сілаў на гэта. Украінцы сталі дасведчаныя, яны нашмат лепш узброеныя, чым летась. Наступаць яны не будуць, вайскоўцы тупа стаяць. Тыдзень таму я ўжо бачыў вельмі сурёзныя збудаванні, бетонныя блокпасты, бліндажы – як падчас Другой сусветнай вайны. Гэта паказвае, што ідзе кансервацыя па ўсёй лініі фронту. Могуць быць баі хіба мясцовага значэння.

Там цяпер працуюць прадстаўнікі расейскіх спецслужбаў. Робяць усё вельмі прафесійна. Мне цяжка сказаць пра расейскія гуманітарныя канвоі. Я не думаю, што там перавозяць зброю. Гэта бессэнсоўна. Навошта вазіць зброю ў канвоях, калі адкрытая мяжа. Тым больш, што па тэрыторыі ДНР і ЛНР – каменданцкая гадзіна. Як я зразумеў у размовах з мясцовымі, уначы яны ўвесь час чуюць перамяшчэнні нейкіх калонаў. Людзі з абодвух бакоў хочуць са зброяй ісці наперад і страляць.

Правілы для журналіста, які едзе ў зону канфлікту першы раз

1) Насіць бронекамізэльку і шлем з аптэчкай. Бронь мусіць быць самага высокага класу. Трэба ведаць, як аказаць першую дапамогу чалавеку.

2) Прыслухоўвацца да вайскоўцаў. Яны маюць большы досвед.

3) Адказаць сабе на пытанне: «Ці каштуе матэрыял такой вялікай рызыкі?». Але без рызыкі не зробіш матэрыялу. Трэба знайсці залатую сярэдзіну.

4) Не падстаўляць іншых. Калі пачынаецца абстрэл, нельга бегаць, адразу трэба схавацца, легчы. Калі ты на перадавой – ты праблема для ўсіх. Калі камусьці трэба будзе цябе выцягнуць – гэта рызыка яшчэ аднаму жыццю. Нельга ездзіць і шпацыраваць у позні час. Калі цёмна, цябе кожны са зброяй можа застрэліць

5) Мець спадарожнікавы тэлефон. Сувязь – вялікая праблема на вайне.

6) Чысціць кампютары, калі ты ездзіш. Бо хтосьці можа ўсё гэта перахапіць. На пачатку верасня 2014 года едзем групай з Марыупалю на перадавую. Я нават хаваю камеры звычайна, каб не было лішніх пытанняў. Але вайсковец на блокпосце заўважыў мой фотаапарат: «Вы, напэўна, здымалі наш блокпост. Дайце камеру». А ў нас там былі фатаграфіі з прэс-канферэнцыі Захарчанкі. Рэакцыя вайскоўца была хуткая, ён навёў на нас аўтамат і стаў крычаць, што мы сепаратысты.

7) Пакідаць тэхніку ў гатэлі, калі ёсць два кампютары, два фотаапаратыЯ аднойчы ў Данецку зрабіў здымак на смартфон. За спіной адразу з’явілася машына без нумароў. З яе выйшлі аўтаматчыкі і забралі нас, нягледзячы на акрэдытацыю. А ў мяне фотаздымкі ўкраінскіх пазіцый, з Майдану, з Крыму. Але пашанцавала, бо ніхто не зірнуў у заплечнік. Адзін з сепаратыстаў сказаў: «Прабач, проста ў цябе хрэновы пашпарт».

8) Абвешвайце сябе з розных бакоў рознымі рэчамі. Бутэлька вады на целе можа затрымаць кулю калібру 5.45.

9) Не тэлефанаваць на адкрытых тэрыторыях, калі ты на лініі фронту. З супрацьлеглага боку могуць прыняць цябе за наводчыка і выклікаць артылерыю.

Гарась Валатовіч, belsat.eu

Стужка навінаў