Ці варта калекцыянерам баяцца ўказу пра «чорных капальнікаў»?

photo

Указ № 485 кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў першы перыяд можа пужаць людзей, але шмат што будзе залежыць ад трактоўкі дакументу, упэўнены старшыня Беларускага нумізматычнага таварыства Віктар Какарэка.

Адразу некалькі момантаў са свежага прэзідэнцкага ўказу № 485 Беларусі ад 14 снежня прымусілі беларусаў хвалявацца. Па-першае, указ фактычна забараняе шукаць археалагічныя артэфакты з дапамогай металашукальніка, калі вы не акрэдытаваны археолаг.

Па-другое, археалагічным артэфактам лічыцца фактычна любы зроблены чалавекам прадмет, якому больш за 120 год. Усе «артэфакты», якія знаходзяцца на руках у насельніцтва, падлягаюць рэгістрацыі, іх забаронена прадаваць або дарыць.

Калекцыянер старажытнасцяў становіцца ледзь не крымінальным злачынцам… Прынамсі, такое першае ўражанне, якое складаецца пасля прачытання ўказу.

Па тлумачэнні Belsat.eu звярнуўся да старшыні Беларускага нумізматычнага таварыства, калекцыянера і гісторыка Віктара Какарэкі.

Cтаршыня Беларускага нумізматычнага таварыства Віктар Какарэка

Закон Беларусі навязаны звонку

– З якой мэтай рыхтаваўся дадзены ўказ?

– Некаторыя ўжо шмат чаго накапалі ў Беларусі. Частка з гэтага выстаўленая на аўкцыёнах, тым жа ay.by: іржавыя мячы, наканечнікі і г.д. Манеты цяпер цікавяць значна менш людзей. Але калі той меч не з каштоўных металаў, а давесці, што быў выкапаны з кургана – немагчыма, як яго забраць у чалавека? Таму і прынялі такі закон. Асноўная думка – захаваць тую старажытную раннесярэднявечную археалогію, якую часам нішчаць капальнікі.

– Якія моцныя і слабыя бакі ўказу?

– Па-першае, што такое археалагічны артэфакт? Што такое 120 год для археалогіі? Археолагі наагул не павінныя займацца гэтым! Бо навукоўцы, напрыклад, не вывучаюць манеты, якім 120 год. Яны могуць зацікавіць толькі калекцыянераў. Дапускаю, што гэтую дату наўпрост скапіявалі з іншага закону, дзе ішлося не пра археалагічны, а пра гістарычны артэфакт.

Усе гэтыя рэчы, па вялікім рахунку, нам навязаныя. Беларусь падпісвае міжнародныя канвенцыі, якія прадугледжваюць ахову гісторыка-культарнай спадчыны. У нашых суседзяў паўсюдна гэта ёсць: Польшча, Літва, Расея. Я ўжо не кажу пра краіны, дзе былі старажытныя цывілізацыі.

Адзінае, што ў нас няма кваліфікаваных кадраў, таму ў першы перыяд без канкрэтных тлумачэнняў указ можа пужаць людзей. Да мяне ўжо прыходзілі з пытаннямі: «Дзе зарэгістраваць калекцыю?»

Шукаю на полі… шалом Аляксандра Македонскага!

– Дык што і дзе рэгістраваць?

– Ніхто нічога не будзе рэгістраваць. Каб зарэгістраваць, вы маеце падаць заяву…

– Куды?

– У так званую камісію пры аблвыканкаме, якой яшчэ няма, дзе маюць быць адмыслоўцы, якіх таксама няма! Ёсць закон, а базы пад яго няма! Для таго, каб нейкаму прадмету надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, патрэбна рашэнне ледзь не Міністэрства культуры.

Добра, але тады я маю атрымліваць ільготы па захоўванні такой рэчы. Я ад’язджаю ў адпачынак, напрыклад, баюся, што скрадуць маю манету, таму нясу яе не ў банк, а ў музей. І яны ў мяне бяруць на захаванне ў свае сейфы – бясплатна. Калі патрэбная якасная рэстаўрацыя – я даю дзяржаўным рэстаўратарам. Калі ў мяне няма сігналізацыі ў кватэры, дзе захоўваецца каштоўнасць – я на ільготных умовах маю яе атрымаць… Так мае быць!

– Але гэтыя моманты нідзе не прапісаныя…

– Вось таму і маюць быць тлумачэнні. На сённяшні дзень, калі не будзе ціску зверху на мясцовых ўладаў, якіх-небудзь участковых, то нічога не будзе.

А што такое «забаронена»? А што такое «шукаць з дапамогай металадэтэктара»? Я выйшаў на поле і шукаю… залаты шалом Аляксандра Македонскага. Я не маю права яго шукаць?.. Дык я яго і не знайду ніколі! То бок усё мусіць прапісвацца.

Манеты Мікалая ІІ і «прэстыж» Нясвіжу

– Усіх цікавіць, як гэта будзе працаваць. Якія, напрыклад, будуць санкцыі за захоўванне прадметаў, якім больш за 120 год?

– Вы зноў блытаеце. Бераце толькі першую частку вызначэння пра «артэфакт». Гэта мае быць «гісторыка-культурная каштоўнасць»! Тыя ж скарбы рымскіх манетаў або куфічных дырхемаў (персідскія срэбраныя манеты ІХ-ХІ стст. – аўт.) трапляюць толькі пад вызначэнне «рэдкія і каштоўныя сведчанні аб існаванні зніклай цывілізацыі». Рэдкія!

За 2010 год з усіх скарбаў, знойдзеных у Беларусі, у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў было ўключана ўсяго шэсць: першае, скарб рымскіх манетаў з Берасцейскай вобласці. Яму надалі вышэйшую катэгорыю, то бок помнік міжнароднага значэння. Наступны, скарб куфічных дырхемаў з Полацку, яму надалі другую катэгорыю. Тут я згодзен, гэта цікава. А далей – я бяруся за галаву… Жменя срэбраных расейскіх манет часоў Мікалая ІІ з Нясвіжа – першая ступень. Сусветнае значэнне!..

– Ну вось, Вы самі кажыце пра абсурдныя выпадкі – як з манетамі Мікалая ІІ…

– Гэта ўжо кажа аб адсутнасці адмыслоўцаў. Наўпрост трэба было для падняцця прэстыжу Нясвіжа сказаць, што там такое знайшлі і яно там захоўваецца. Вось і ўсё!

– А ў міліцыі будзе тое самае – для падняцця паказнікаў?

– Так, будзе. Таму я кажу, да самога закону стаўлюся добра. Але ён не датычыць калекцыянераў ніякім бокам. Я займаюся калекцыянаваннем з 1980 года, і я сярод калекцыянераў не бачыў манет, якія можна было б аднесці да гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Абломак срэбраніка, праз які пару гадоў таму падняў шум Марзалюк (сенатар Ігар Марзалюк – аўт.), прыцягнулі міліцыю, арыштавалі калекцыянера, з дому ўсё «выграблі»… А ў той жа час ва Украіне такія срэбранікі выплываюць амаль на кожным аўкцыёне.

У Горадні чалавек хацеў прадаць рэчы з калекцыі Януковіча…

– Вы кажаце пра манеты, а ці трэба чалавеку баяцца за прабабуліну ікону ці малітоўнік, якому 120 год?

– Не. Для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ёсць шмат пунктаў. Гэта мае быць нешта ўнікальнае і значнае ў маштабах Беларусі. А «шырпатрэб», малітоўнікі ды іконы – не ўяўляюць аніякай каштоўнасці.

З іншага боку, можа ж быць нейкая рэч унікальная, якой 100, а не 120 год. І што, яе не залічаць да помнікаў, бо 120 год не споўнілася?.. Смешна. Таму, не варта чапляцца за лічбу.

– Усё ж такі, ці ёсць небяспека неадэкватнай трактоўкі ўказу з боку праваахоўных органаў?

– Такая небяспека заўжды ёсць. Маўляў, «я не спецыяліст, давайце я вас затрымаю, вашы рэчы забярэм для вывучэння, а пасля вам аддамо…» А калі будуць аддаваць, акажацца, што недзе дрэнна захоўвалі, разбілі…

У Горадні таксама быў прэцэдэнт, калі чалавека затрымалі па абвінавачванні ў махлярстве: хацеў прадаць рэдкія рэчы, маўляў, з калекцыі Януковіча. А пасля ў калекцыянера забралі ўсе іконы, з яго калекцыі. Дагэтуль «вывучаюць» – амаль год. А ў якіх умовах іх захоўваюць?.. Можа там сырасць і даўно ўсё аблупілася?.. Альбо пабілі, пакуль у машыне везлі… такое стаўленне.

З пункту гледжання напісанага – нічога страшнага няма. Усё іншае – пытанне трактоўкі.

Капальнікам кажуць: «Не лезце ў курганы!»

– Ваш прагноз, як указ скарэктуе беларускую рэальнасць? Ці знікнуць з палёў людзі з металашукальнікамі, а з інтэрнэт-аўкцыёнаў – артэфакты?

– Ніяк не паўплывае. Такія ўказы выходзяць перыядычна. Ну, ёсць указ кіраўніка Беларусі аб валютных аперацыях, пад які тэарэтычна падпадаюць усе калекцыянеры манетаў краін свету – гэта ж валюта: розныя еўрацэнты або амерыканскія «кварты» (25-цэнтавікі з партрэтам першага прэзідэнта ЗША Джорджа Вашынгтона – аўт.). Ніхто ж іх не чапае.

Некаторыя законы пішуцца пад канкрэтную сітуацыю. З гэтым указам – тое самае. Ён створаны пад курганныя раскопкі. Капальнікам кажуць: «Не лезце ў курганы, туды, дзе ёсць недаследаваны археалагічны слой!»

– Ну а ў прынцыпе, за горадам забаронена нешта шукаць з дапамогай металашукальніка?

– Так, забаронена: шукаць шалом Аляксандра Македонскага, то бок гісторыка культурны помнік. Але вы ж не яго шукаеце…

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары