Ці Крым паўтарыў шлях Косава? Ці паўвостраў – «спрадвечна руская зямля»?

video

Сёння спаўняецца другая гадавіна рэферэндуму, пасля якога Крым трапіў у «абдымкі» Расеі. Алег Мініч у праграме «Прасвет» сабраў 7 міфаў і фактаў пра паўвостраў.

Міф 1. Крым – гэта «спрадвечна руская зямля»

Факт. Гісторыя Крыму налічвае амаль тры тысячы гадоў, а расейскі перыяд у этнічнай гісторыі Крыму – гэта толькі 3,5% ад усёй яе працягласці.

Міф 2. Перадача Крыму Украіне – незаконная, гэта «падарунак» Хрушчова

Факт Перадача Крыму Украіне ў 1954 годзе – гэта калегіяльнае рашэнне савецкай улады. Кіраваў савецкім урадам Георгій Маленкоў, а подпісы на дакументах ставіў кіраўнік Савецкага Саюзу – Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага савету СССР Клімент Варашылаў.

Міф 3. У Крыме расейская мова падвяргалася дыскрымінацыі

Факт. У Крыме ў 2013 годзе адукацыю на расейскай мове атрымлівалі 89,4% школьнікаў. У ВНУ толькі 5% дысцыплін выкладалі на ўкраінскай мове, рэшта – на расейскай. Больш за 80% друкаваных СМІ выходзілі выключна на расейскай мове.

Міф 4. Майдан прывёў да змены ўлады, а таму Масква не была абавязаная захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны

Факт. Дамовы пра межы падпісваюць урады, але заключаюць іх дзяржавы. Абавязкі ў дачыненні да межаў не адмяняюцца, пакуль дзяржава існуе як субʼект міжнароднага права.

Міф 5. Ніякай анексіі Крыму не было, таму што Масква далучыла ўжо незалежны паўвостраў.

Факт. Вярхоўны Савет Крыму і Савет міністраў былі захопленыя расейскімі вайскоўцамі ў ноч на 27 лютага 2014 г., а «Дэкларацыя пра незалежнасць АРК і Севастопаля» была прынятая крымскімі дэпутатамі 11 сакавіка 2014 года.

Міф 6. Калі б Крым не «перайшоў у Расею», яго б чакаў лёс Данбасу.

Факт. З дакладнасцю да наадварот. Не было б Крыму – не было б і «ДНР» з «ЛНР». Атрад СтралковаГіркіна, які захапіў Славянск і які пачаў баявыя дзеянні на Данбасе, ехаў на ўсход Украіны з тэрыторыі паўвострава.

Міф 7. Крым паўтарыў шлях Косава.

Факт. Прынцыповая розніца паміж гісторыямі Косава і Крыму ў тым, што Косава ніхто не далучаў да Албаніі. Расея здзейсніла анексію Крыму, а анексія лічыцца адным з найбольш сурʼёзных парушэнняў міжнароднага права.

Болей пра Украіну ў поўным выданні «Прасвету».
Абсурдны працэсу Саўчанкі ды як Украіна адрэзала расейскую пупавіну – інтэрвʼю з прафесарам Яраславам Грыцаком.

Глядзі таксама
Каментары