Ці дойдзе ўкраінская стыпендыя бацькам героя-беларуса Міхаіла Жызнеўскага?


Міністэрства сацыяльнай палітыкі Украіны прапануе вызначыць памер пажыццёвай стыпендыі бацькам Міхаіла Жызнеўскага на ўзроўні 3 250 грыўняў кожнаму з бацькоў. Паводле сённяшняга афіцыйнага курсу, гэта складае амаль тры мільёны беларускіх рублёў (шэсць мільёнаў на абодвух – заўвага belsat.eu).

Прадугледжваецца, што гэтыя кошты будуць выдаткоўвацца штоквартальна праз Пенсійны фонд Украіны.

Праўда, пакуль невядома якім чынам Ніна і Міхаіл Жызнеўскія будуць у Беларусі атрымліваць стыпендыю, прызначаную адпаведна Указу Прэзідэнта Пятра Парашэнкі на ўшанаванне памяці Героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызнеўскага.

«Паколькі на сёння адсутнічае механізм налічэння стыпендыі за мяжу, Міністэрства сацыяльнай палітыкі супольна з Пенсійным фондам Украіны прапрацоўваюць механізм такой выплаты», – паведамілі «Белсату» ў Міністэрстве сацыяльнай палітыкі Украіны.

Разам з тым і гэта пакуль не канчатковае рашэнне. Памер і механізм выплаты пажыццёвай стыпендыі бацькам Міхася Жызнеўскага мае зацвердзіць урад Украіны. Згодна з існуючай у краіне працэдурай ухвалення рашэнняў, Міністэрства сацыяльнай палітыкі падрыхтавала праект адпаведнай пастановы, які пасля ўзгаднення з іншымі органамі выканаўчай улады будзе накіраваны на разгляд Кабінету Міністраў.

Як вядома, беларус Міхаіл Жызнеўскі загінуў 22 студзеня 2014 года ў Кіеве падчас масавай акцыі пратэсту. Пасмяротна ён быў адзначаны ордэнам Герояў Нябеснай сотні за грамадзянскую мужнасць, адстойванне канстытуцыйных прынцыпаў дэмакратыі, правоў і свабодаў чалавека.

Летась у лістападзе, ушаноўваючы памяць загінулага беларуса, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ «Пра стыпендыю памяці Міхаіла Жызнеўскага», згодна з якім была заснавана пажыццёвая стыпендыя ягоным бацькам – Міхаілу і Ніне Жызнеўскім.

Бацькі Героя Нябеснай Сотні неаднаразова звярталіся да ўкраінскіх уладаў з просьбай прысвоіць іхнаму сыну званне Героя Украіны. Яны перакананыя, што такое ўшанаванне памяці Міхаіла дапамагло б змяніць стаўленне беларускіх уладаў і грамадзянаў да іхнай сям’і. Летась у лістападзе адпаведны законапраект быў зарэгістраваны ў Вярхоўнай радзе Украіны паводле ініцыятывы шэрагу дэпутатаў. Дакумент нават быў уключаны ў парадак дня, але і дагэтуль не разгледжаны.

Чытайце таксама >>> Рэжысёр фільму «Жызнеўскі. Воін святла» адказаў на крытыку з боку маці забітага героя

Прэм’ера «Белсату»: фільм «Міхаіл Жызнеўскі. Воін святла» даступны онлайн

Алена Літвінава, belsat.eu

Стужка навінаў