Трактары, штучная карова ды ахоўнікі з «МААП» БРСМ


Падчас дня адчыненых дзвярэй у гарадзенскім аграрным універсітэце сквер поруч з корпусам ператварыўся ў ферму.

Дзень адчыненых дзвярэй арганізатары вырашылі правесці на адкрытым паветры – акурат каля корпусу на Церашковай – ды яшчэ сумясціць з выставай-кірмашом вінаграду, якая адбывалася ў фае будынку. У выніку атрымаўся суцэльны сумбур.

Ужо на падыходах да корпусу перыметр трымалі байцы «МООП» БРСМ у чорным, шпацыруючы двойкамі ды чацвёркамі альбо палячы ў баку. З імі перыядычна сварыліся інспектары ДАІ, бо «МООП» меўся скіроўваць машыны на стаянку, але свае абавязкі, відавочна, ігнараваў.

У скверы каля корпусу можна было ўбачыць цэлы калейдаскоп сельскагаспадарчага жыцця: трусоў, індыкаў ды курэй у клетках, штучную карову, якую, аднак, можна было падаіць, шмат сартоў угнаення на любы густ і нават выставу сельскагаспадарчай тэхнікі. У кабіны трактароў пры жаданні можна было нават залезці ды пакруціць стырно.

Тут жа – намёты факультэтаў са стэндамі ды рэкламнай прадукцыяй. Але паколькі навучальны год ужо пачаўся, асноўнымі гасцямі мерапрыемства апынуліся не будучыя студэнты, а …стомленыя дачнікі, якія прыйшлі глянуць танную расаду ды саджанцы вінаграду, якія можна было прыдбаць унутры корпусу.

Агулам на пляцоўцы каля галоўнага корпусу ўніверсітэту ды ў фае круцілася некалькі сотняў чалавек: дзень адчыненых дзвярэй, больш падобны на свята ўраджаю, відавочна атрымаўся.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў