Лета, якое нас здзівіла. Відэа-топ незвычайных падзеяў паводле Сяргея Філімонава

video

Вядоўца легендарнай праграмы «Відзьмо-невідзьмо» прадставіў свой гіт-парад дзіўных падзей лета.

На восьмай пазіцыі гіт-парада – гонка на восліках…

Аказваецца, гонка традыцыйная і адбываецца цягам 33 гадоў у старажытнай вёсцы на поўдні Італіі…

«Спачатку мы проста святкавалі значнасць восліка для сельскай гаспадаркі. А цяпер наша імпрэза прываблівае шмат турыстаў! Гоншчыкаў таксама шмат. У фінале спаборнічаюць пераможцы двух вялікіх асліных забегаў», – цешыцца мэр вёскі Альдо Лонга.

Цікава, што прыносіць большы прыбытак для жыхароў: ураджай ці вось гэтыя вослікі, якія прыцягваюць у вёску наведнікаў?

На сёмым месцы таксама гонкі

Але гэтым разам гонкі ўжо на роварах. Прычым, па балоце. Глыбіня балота даходзіць да двух метраў. Гоншчыкі прышпільваюцца адмысловай папругай, каб не згубіць ровар у вадзе. Месца, дзе адбываюцца гэткія дзіўныя спаборніцтвы – гэта Ўэльс, Брытанія. Асаблівага сэнсу ныркоў у балота на ровары мы не адшукалі. Магчыма, што гэта проста падабаецца ўдзельнікам.

Шостае месца за візітам колішняй зоркі баявічкoў Стывена Сігала ў Беларусь

Ён прыехаў сюды нібы з галоднага краю, бо сілкаваўся морквай, кавуном, бульбай, усім, на што нашая краіна багатая. Таксама Сігал адкрыўся, што мае беларускія карані. Але назіральнікі жартуюць: артыст сцвярджае гэта амаль пра ўсе краіны, куды прыязджае з такімі вандроўкамі.

Ганаровае пятае месца за «Мадоннай»

Спявачка паехала святкаваць свой 58-мы дзень народзінаў на выспу «бясконцай рэвалюцыі», на Кубу. У атачэнні сяброў і дзяцей каралева танцпляцовак прашпацыравала скрозь старую Гавану ды зладзіла скокі на стале ў адным з мясцовых рэстаранчыкаў.

Яшчэ больш уразіў ісландскі рок-гурт «Kaleo»

Рокеры забраліся ў нутро, на дно мясцовага вулкану і знаходзіліся там цягам 26 гадзінаў, каб зняць, як яны выступаюць у вулкане.

– Гэта быў неймаверны досвед, – кажа лідар «Kaleo», – варʼяцкая ідэя, але мы сказалі, чаму не? І атрымалася выдатна. У наступным выданні праграмы «Відзьмо-невідзьмо» мы пагаворым пра гурт «Kaleo» падрабязней.

Трэцяе месца за «жывымі мерцвякамі»

Мода на флэш-мобы, калі аматары ходзяць па вуліцах у выглядзе зомбі, не сціхае. Цяпер пабудавалі тэматычны атракцыён для наведнікаў.

Дональд Трамп у трэндзе і забірае другую пазіцыю гіт-параду

Голы Дональд Трамп, а дакладна – скульптуры кандыдата на пасаду прэзідэнта ЗША ў голым выглядзе, якія забаўлялі жыхару Амерыкі там-сям, у розных гарадах краіны… Людзі, якія фатаграфаваліся побач, кажучы, што выява Трампа дакладная, асабліва ў анатамічных дэталях.

Лэдзі Гага і Далай Лама па-за канкурэнцыяй

Яны сустрэліся ў Злучаных Штатах і, паводле іхных словаў, рэкламавалі дабро. «…Таму што ў нашым жорсткім свеце больш за ўсё не хапае менавіта дабра». І гэтым словам цяжка запярэчыць.

– Багацеям, – сказаў Далай Лама, – не варта марнаваць грошы на раскошу. Каханне і дабро – вось што ўратуе наш свет.

«Калі я рыхтаваў гэты спіс, нехта сказаў, што Сігал займае надта нізкае месца… На маю думку, хіба можна раўняць гэтага актора, нават з «Мадоннай» па папулярнасці? Ці са спевамі ў вулкане па арыгінальнасці? Прычым, Сігал, нават, не рэкламуе «дабро», як тое робіць Далай Лама…», – падсумаваў Сяргей Філімонаў.

Фота – celebmix.com

Глядзі таксама
Каментары