Топ-5 шэдэўраў беларускага дызайну

photo

Зроблены ў Беларусі і падкрэсліваюць нашу ідэнтычнасць. Каля 200 аб’ектаў матэрыяльнай культуры ўвайшлі ў новы каталог «Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы». «Беларускі саюз дызайнераў» збіраў іх у музеях, на барахолках ды ў прыватных калекцыях.

На просьбу belsat.eu складальнікі альбома Павал Дарохін і Андрэй Дашкевіч назвалі пяцёрку прадметаў, створаных паводле ўсіх законаў дызайну: канструктыўнасць, функцыянальнасць, эстэтызм ды ўплыў на наступныя пакаленні вытворчасці.

Афіша

afisha

1883 год. Менск. У той час дзякуючы развіццю тэхналогіяў з’явілася мажлівасць выкарыстоўваць адразу некалькі шрыфтоў розных памераў. Андрэй Дашкевіч кажа, што такі прыём дужа папулярны да сённяшняга дня.

Гэта афіша да спектакля, які паказваўся ў Менскім гарадскім садзе «перад ад’ездам трупы апошні раз» і «з дазволу кіраўніцтва».

Карты ігральныя

karty

Андрэй Дашкевіч адзначае тут актуальную візуалізацыю: у выявах можна пазнаць каралёў Рэчы Паспалітай.
«Быццам бы сёння Макса Каржа ў вобразе на картах увасобіць», – тлумачыць дызайнер блока «Рэчы» каталога.

Гэтыя карты трымаў у руках, хіба, кожны жыхар міжваеннай Польшчы. Рабіліся яны ў Горадні на першай краёвай фабрыцы картаў для гульні братоў Аляксандра і Абрама Лапіных. У 1939 годзе прадпрыемства нацыялізавалі і больш прадукцыя для азартных гульняў там не выпускалася. Пасля 1944 года на фабрыцы штампавалі прапагандысцкія матэрыялы: партрэты савецкіх кіраўнікоў і плакаты.

Крэсла

kresla

«Дызайн, які вызначае быццё. Дызайн, якога не бачыш», – захоплена гаворыць Андрэй Дашкевіч здавалася б пра самы просты прадмет інтэр’ера.

У каталозе крэсла названа «сапраўдным знакавым узорам беларускага дызайну».

Дадзенае крэсла зроблена ў Мастах (Гарадзеншчына) у 1999 годзе. Мадэль распрацаваная ў на пачатку 1960-х гадоў.

Тады галоўным архітэктарам мэблевай прамысловасці БССР быў немец па паходжанні Эрвін Шуберт. Ён пачынаў прафесійны шлях цесляром на мэблевай фабрыцы ў Берліне, а па вечарох наведваў Вышэйшую школу па архітэктуры і мэблі. У 1933-ім ён выйграў агульнанямецкі конкурс у намінацыі «Новыя формы мэблі» і ў тым жа годзе эміграваў у СССР: не згодны з палітыкай Гітлера ён палічыў за лепшае жыць у дзяржаве Сталіна.

Некаторы час ён працуе мастаком-канструктарам. З пачаткам вайны, нягледзячы на ўсе прафесійныя заслугі, яго разам з тысячамі немцаў дэпартавалі ў Татарскую АССР.

Працаваць у Беларусь яго запрасілі ў 1960 годзе на пасаду галоўнага архітэктара праектаў інстытута «Менскпраект».

Паводле аўтараў каталогу «Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы», форма дадзенага крэсла паўтарае старажытнагрэцкі клісмас, вядомы з V ст. да н. э., – першае ў гісторыі крэсла з выгнутай спінкай.

Ордэн

image description

Хоць у войску Булак-Булаховіча быў свой ордэн – Крыж смелых – у каталог увайшоў ордэн Працоўнага Чырвонага сцяга БССР.

Стварэнне артэфакта прыпадае на 20-30-ыя гады. На ордэне былі надпісы на беларускай, польскай мовах і на ідышы. 300 экзэмпляраў ордэна былі замоўленыя ў Маскве. 1 верасня 1924 г. пастановай ЦВК і Саўнаркама БССР ордэн быў зацверджаны як найвышэйшая ўзнагарода БССР. Усяго ўручылі больш за 160 ордэнаў. У 1933 годзе яго змяніў агульнасаюзны ордэн Працоўнага Чырвонага сцяга.

Адметна, што аўтар эскіза, беларускі графік Генадзь Змудзінскі у 1938 годзе загінуў ад рук НКУС.

Слуп ліхтарны і трылінка

slup

Апошнюю пазіцыю ў пяцёрцы шэдэўраў беларускага дызайну з агаворкамі дзеляць два аб’екты. Гэтыя ліхтарныя слупы штодзень могуць бачыць менчукі і госці сталіцы цягам апошніх 60 гадоў.

Павал Дарохін і Андрэй Дашкевіч у адзін голас падкрэсліваюць, што гэта не дызайн, а дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва і што разглядаць ліхтарныя слупы варта выключна ў кантэксце.

Эскізы гэтых слупоў распрацавалі Уладзімір Кароль разам са сваім настаўнікам Мікалаем Міхалапам. Мала хто заўважае, што за аснову дэкаратыўных элементаў узятыя матывы слуцкіх паясоў.

Складальнікі каталогу лічаць, што кожны слуп мае быць пад аховай як гісторыка-культурная каштоўнасць. Павал Дарохін гаворыць, што гэты аб’ект мае вартасць як частка генплану сталіцы свайго часу, бо вельмі ўдала ўпісаны ў «ансамбль «Гораду сонца». Сённяшнія архітэктары, на жаль, так сістэмна на горад не глядзяць.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 

Плітка-«трылінка» сёння захавалася толькі ў Берасці (ва ўнутраным двары адміністрацыі Ленінскага раёна і каля фасада Гершонскай царквы).

«Гэта так званы ўрбан-ландшафт. Прыём выкарыстання бітага каменя. Чалавек знайшоў схему і рэалізаваў яе ў Беларусі», – расказвае Павал Дарохін.

Інакш гэту плітку называюць «пінская костка». Яны выраблялася ў 1930-х гадах пад Пінскам з базальту з Ровенскай вобласці (Украіна). Назва «трылінка» паходзіць ад прозвішча інжынера Уладзіслава Трылінскага, які вынайшаў уласны спосаб вырабу шасціграннай пліткі.

Х.М., belsat.eu

Фота: designtut.by

Глядзі таксама
Каментары