«Тэатро» у Горадні: французскія артысты выступілі для дзетак з госпісу

photo

Дабрачынны спектакль у Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі сабраў аншлаг.

Артысты з Міжнароднага аб’яднання «Тэатро» наведваюць Горадню ўжо чатыры гады запар. Іхная аўдыторыя – дзеткі з мясцовага госпісу. Сёлета артысты паказалі пастанову «Усё мажліва на Раство»: пра сяброўства, цуды і радасць рабіць падарункі іншым.

Героі пастановы размаўлялі паміж сабой па-французску, побач са сцэнай дзяўчына перакладала ў онлайн-рэжыме. Зрэшты, і без словаў усё было зразумела: мова эмоцыяў, мабыць, самая шчырая ў свеце. Дзеткі прасякнуліся пастановай да таго, што калі адна з гераіняў упала, згодна сюжэту, з залу пачуліся крыкі: «Упала!.. Уставай! Уставай!»

«Нашая супраца з французскімі артыстамі сведчыць, што дабрачыннасць не абавязкова мае быць у форме грашовай дапамогі. Можна таксама арганізоўваць забаўляльныя мерапрыемствы для цяжкахворых дзяцей або дзетак з інваліднасцю», – тлумачыць каардынатарка гарадзенскага дзіцячага госпісу Вольга Шульга.

Кіраўніца госпісу таксама падкрэслівае, што падобныя выступы маюць насіць адкрыты інтэграцыйны характар, а не сціскацца да памераў лякарні або нейкага спецыялізаванага цэнтру. Сапраўды, сённяшні выступ быў бясплатным, а трапіць на яго мог кожны жадаючы.

Дарэчы, у холе музею валанцёры госпісу зладзілі дабрачынны кірмаш калядных сувеніраў, грошы ад якога пойдуць на дапамогу хворым дзеткам.

АК, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары