Таварыства беларускай мовы зноў просіць грамадскасць дапамагчы з аплатай арэнды і камунальных плацяжоў


Старшыня ТБМ Алег Трусаў. Фота svaboda.org

Грамадскае абʼяднанне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) зноў просіць грамадскасць дапамагчы з аплатай арэнды офісу і камунальных плацяжоў.

Звярнуцца па дапамогу ТБМ вымушана праз чарговае павышэнне арэнднай платы за офіс абʼяднання – з красавіка кошт арэнды дасягнуў 14 млн. 360 тыс. рублёў за месяц. «Таксама неабходна рэгулярна плаціць за камунальныя паслугі, тэлефон, электрычнасць і інтэрнэт», – адзначаюць у ТБМ.

Неабыякавыя грамадзяне рэгулярна пералічваюць ахвяраванні на рахунак абʼяднання, іх імёны публікуюцца ў газеце «Наша слова» і на сайце ТБМ. Тым не менш у сувязі з рэзкім павелічэннем памераў плацяжоў арганізацыя вымушаная прасіць дапамогі ў шырокай грамадскасці.

Аналагічная сітуацыя мела месца ў траўні 2013 года, калі грамадзяне Беларусі менш чым за 20 дзён сабралі 20 млн рублёў, што дазволіла аплаціць арэнду офісу ТБМ на два месяцы наперад. 10 % ад гэтай сумы на рахунак абʼяднання перавяла Ліберальна-дэмакратычная партыя.

Ахвяраванні можна пералічыць на рахунак ТБМ 3015741233011 код 739 у аддзяленні №539 ААТ «Белінвестбанку» УНП 100129705 (бланк спампаваць можна тут).

Таварыства беларускай мовы заснаванае ў 1989 годзе і афіцыйна зарэгістраванае ў Міністэрстве юстыцыі. Узначальвае арганізацыю вядомы грамадскі дзеяч, гісторык Алег Трусаў. Паводле інфармацыі сайту ТБМ, абʼяднанне налічвае каля 6 тысяч чальцоў у Беларусі і за мяжой – у Літве, Польшчы, Расеі, Украіне, Латвіі, ЗША, Канадзе, Нямеччыне ды іншых краінах.

МЯ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары