Тараканы тэрарызуюць жыхароў цэнтру Горадні?

photo

Людзі распавядаюць пра прусакоў «конскіх» памераў і прызнаюцца, што ім «страшна».

Жыхары двухпавярховага старога будынку на вул. Карда Маркса 36 кажуць, што праблемы з вялікімі чорнымі тараканамі маюць ужо на працягу некалькіх год. Як прызнаецца Кацярына, шкоднікі актывізаваліся, калі суседзі пачалі рабіць рамонт. Сам будынак, дарэчы, мае ўжо добрую сотню гадоў.

«Вылазяць найчасцей уначы, – распавядае жанчына, – чорныя, конскіх памераў, да 10 см, гэта ж страшна! У нас дом стары, пад тынкоўкай – дранка, можа там яны жывуць? Непакоіць яшчэ тое, што тут дзеці малыя. Ці мала што?».

Пабачыць таракана ўдзень у пад’ездзе ці кватэры амаль нерэальна, таму спускаемся ў падвал. Там сапраўды праз кожны метр на падлозе ляжаць трупы вялікіх чорных жукоў. Дарэчы, звычайных рудых тараканаў, як патлумачыла Кацярына, у іх няма.

«Людзі кажуць: тараканы лезуць з падвалу… Насамрэч – з кватэры!»

IMG_0044

За тлумачэннямі мы звярнуліся да лекара-эпідэміёлага Андрэя, які зараз як прыватны бізнесовец займаецца прафілактычнай дэзынсекцыяй.

«Чорныя тараканы былі заўсёды, – тлумачыць адмысловец, – яны ніадкуль не прыйшлі. Рэальнай крыўды чалавеку яны прынесці не могуць, хіба напужаць сваім памерам: да 5 см, звычайна, не больш. Ёсць некалькі эпіцэнтраў распаўсюду «чорных» у Горадні: у старым горадзе, за Нёмнам ды яшчэ ў пары месцах».

Эпіцэнтры ў дамах, як мяркуе Андрэй, найчасцей знаходзяцца ў кватэрах саміх жыхароў, дзе ёсць цяпло, ежа і вільгаць. У падвалах ЖЭС праводзяць дэзынсекцыі, але стан кватэраў – гэта прыватная справа жыхароў.

«Мне людзі кажуць: тараканы адкульсьці лезуць – з падвалу, з паддашша і г.д., – працягвае Андрэй, – Жыхары заўжды лічаць, што да іх гэтая напасць прыходзіць адкульсьці звонку, эпіцэнтр не можа быць у іхнай кватэры. Але найчасцей усё з дакладнасцю ды наадварот. І тут самі жыхары маюць іх травіць: самастойна або з дапамогай адмысловых службаў».
Эпідэміёлаг дадае, што паразітаў у прынцыпе лёгка завезці, напрыклад, з замежнай паездкі. У прыклад прыводзіць заможную сямейную пару, якая прывезла з адпачынку ў Італіі …клапоў. Для вывядзення шкоднікаў давялося некалькі разоў праводзіць дэзынсекцыю чатырохпакаёвай кватэры.

Чорныя і рудыя – «свае», амерыканскія і туркменскія – «імпартныя»

IMG_0011

Наагул, як патлумачыла біёлаг Ірына Ш., у Беларусі жыве шэсць відаў тараканаў, асноўныя з якіх – чорныя і рудыя. Апошнія – гэта і ёсць так званыя «прусакі», бо лічылася, што прывезлі іх з Прусіі. Дарэчы, у самой Нямеччыне рудых тараканаў называюць «рускімі».

Чорныя тараканы, у свой час, былі «пераможаныя» рудымі і выцесненыя з дамоў у гаспадарчыя пабудовы: у кватэрах зараз яны трапляюцца толькі зрэдку. Справа ў тым, што рудыя – больш актыўныя ў плане нараджальнасці.

Больш рэдкія ў Беларусі – так званыя амерыканскія ды туркменскія тараканы. Амерыканскія найбольш небяспечныя, бо перасоўваюцца з неймавернай хуткасцю ды здольныя прагрызаць харчовую плёнку. Два іншых віды – аўтахтонныя, гэта лапландскія ды лясныя тараканы, але сустрэць іх можна толькі ў дзікай прыродзе.

АК, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары