Таннай нафты больш не будзе


Расея жадае з наступнага году істотна скараціць пастаўкі бязмытнай нафты ў Беларусь. Размова ідзе пра змяншэнне паставак нафтапрадуктаў у дзясяткі разоў.

Замест 2 мільёнаў тон нафтапрадуктаў Беларусь зможа атрымаць усяго толькі 100-300 тысяч тон за год. Пра гэта ў інтэрв’ю агенцыі Reuters сказаў старшыня падатковага дэпартаменту Мінфіна РФ Аляксей Сазонаў.

Чыноўнік адзначыў, што Расея нясе вялізныя страты праз пастаўку ў Беларусь нафтапрадуктаў па нізкіх коштах. Бо Менск у наступным пастаўляе прадукцыю сваіх нафтаперапрацоўчых заводаў на экспарт, а экспартныя мыты залічвае ў свой бюджэт.

Летась мы страцілі праз гэта 10 мільярдаў рублёў, – распавёў Аляксей Сазонаў. – Сёлета толькі за першае паўгоддзе – яшчэ 10 мільярдаў.

Пасля таго, як у Расеі будзе завершаны падатковы манеўр, такая схема перастане працаваць. Але пакуль чыноўнікі ў Крамлі заяўляюць пра неабходнасць скарачэння паставак нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Прынамсі такую думку раней агучыў старшыня Мінэнерга Аляксандр Новак. Кіраўнік расейскага энергетычнага ведамства заявіў, што абгрунтаваных эканамічных прычынаў у бязмытных пастаўках нафты ў Беларусь няма, паколькі беларускі бок можа яе проста рээкспартаваць. Таму Расея мае намер абмежаваць пастаўкі нафты нават з чацвёртага кварталу сёлета.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў