«Сёння войны ідуць за мазгі, а не за тэрыторыі»


Сёння здольнасць падаваць грамадзянам суседніх краінаў адпаведна падрыхтаваную інфармацыю – ці не галоўная зброя Расеі, лічаць эксперты з Беларусі, Украіны, Арменіі і Латвіі.

Аналітыкі сабраліся ў Менску на Міжнародны круглы стол «Расейская гібрыдная агрэсія і ўстойлівасць постсавецкіх краін», які зарганізаваў беларускі аналітычны праект «Belarus Security Blog».

Інфраструктура агрэсіі ў Беларусі

Гібрыдную агрэсію аналітыкі вызначылі як дзеянні, скіраваныя на падпарадкаванне іншых краін метадамі прапаганды, эканамічнага, палітычнага і неафіцыйнага сілавога ціску. У якасці найбольш яскравага прыклада гэтага прыводзілі падзеі ва Украіне з канца 2013 года.

Аналізуючы падзеі апошніх год ва Усходняй Еўропе і Закаўказзі, выступоўцы прыйшлі да высновы пра стварэнне за апошнія 15-20 год Крамлём развітай, часам адкрытай, а часам «чорнай» інфраструктуры інфармацыйнага, палітычнага і эканамічнага ўплыву на суседзяў.

Ігар Лялькоў, сябра Сойму Партыі БНФ, назваў тры «ўзроўні» маскоўскай сеткі ўплыву ў Беларусі.

Спасылкі на старонцы арганізацыі «Русский дом» у Віцебску. Скрыншот

«Першае – гэта заваяванне кантролю на медыяпрасторы. Напрыклад, «Россотрудничество» ў Беларусі бясплатна раздае спадарожнікавыя талеркі «Триколор-ТВ». Таксама інтэрнэт – стварэнне сеткі псеўдабеларускіх рэгіянальных сайтаў кшталту «Витбич» ці «Гродно24», якія спалучаюць рэгіянальны кантэнт з расейскай шавіністычнай прапагандай», – распавёў эксперт.

Таксама Расея імкнецца вербаваць і ставіць падкантрольных сабе людзей у арміі і дзяржаўных спецыяльных службах, у банкаўскай і прамысловай сферы. «РФ не хоча ўплываць, яна хоча проста кіраваць», – лічыць Лялькоў.

Трэці ўзровень – гэта сетка разнастайных невялікіх арганізацыяў радыкальна шавіністычнага плану, якія могуць выступаюць часткова і як антыбеларускія баевікі. Прычым тут агентамі замежнага ўплыву могуць быць і радыкальныя псеўданацыяналістычныя групоўкі і інтэрнэт-суполкі, такія як так званыя «літвіны», калі яны займаюцца распаўсюдам антыбеларускай прапаганды, адзначае эксперт.

…і ў Арменіі

У спецыфічнай сітуацыі знаходзіцца блізкі закаўказскі саюзнік Расеі – Арменія, адзначыў Рубен Бэграб’ян, супрацоўнік Армянскага інстытуту міжнародных адносінаў і бяспекі.

У краіне няма значнага расейскамоўнага неармянскага насельніцтва, тут не праходзіць прапаганда пра «славянскае адзінства» ці «русский мир». Тут галоўная тэма крамлёўскай прапаганды – «без нас вы – ніхто», распавёў эксперт.

Рубен Бэграб’ян. Фота з Facebook

Па ягоных словах, Расея спрабуе маніпуляваць Арменіяй, прадаючы і ёй, і яе ворагу Азербайджану зброю, выкарыстоўваючы палітыку «падзяляй і ўладар». Прычым міна пад армянскаа-азербайджанскія адносіны была закладзеная яшчэ ў 1905 годзе Расейскай імперыяй.

«Гэтая міна выбухае, калі імперыя на перыферыі робіцца больш слабай», – кажа Рубен Бэграб’ян.

Ён назваў таксама некалькі каналаў расейскага ўплыву ў Арменіі – гэта, акрамя пэўных СМІ, расейскія дзяржаўныя кампаніі-манапалісты, такія, як «Газпром» ці электраэнергетычныя фірмы. Асобна эксперт згадаў «карупцыйны інтэрнацыянал».

«Нашыя «злодзеі в законе» – цесна афіляваныя з расейскім бізнесам і расейскімі структурамі», – сказаў эксперт.

Нацыянальны медыякантэнт для Беларусі!

Слабасць беларускай улады ў тым, што яна абапіраецца не на актыўную і маладую меншасць грамадства, а на пасіўнасць адноснай большасці, якая яшчэ жыве ў свеце прасавецкай і прарасейскай прапаганды, лічыць беларускі сацыёлаг Сяргей Нікалюк.

«Гэтым беларускія ўлады ствараюць пагрозу для незалежнасці Беларусі», – сказаў ён.

Па меркаванні экспертаў, найважнейшае значэнне для інфармацыйнай абароны, для захаванне веры грамадзянаў у сваю дзяржаву маюць наяўнасць і папулярнасць уласнага нацыянальнага медыякантэнту і празрыстасць працы дзяржаўнага апарату.

Вынікі апытання, якое праводзілася ў 2016 годзе. Крыніца press-club.by

Гэтак, у Беларусі зашоранасць беларускіх дзяржаўных медыяў псуе іх магчымасці канкурэнцыі нават з небагатымі беларускімі прыватнымі медыямі і пакідае іх цалкам бяззбройнымі перад расейскай прапагандысцкай машынай, адзначыў аналітык беларускіх СМІ Паўлюк Быкоўскі.

«Для выпраўлення сітуацыі варта было б зняць шоры з дзяржаўных медыяў і штучныя абмежаванні з прыватных», – лічыць эксперт.

«Стварэнне нацыянальнага кантэнту мусіць абапірацца не на замову начальства, а мець замест гэта фокус на інтарэсах аўдыторыі. Разняволенне прыватнай ініцыятывы ў медыябізнесе дае магчымасць пашырыць колькасць запатрабаванага лакальнага і гіперлакальнага кантэнту. У гэтым ракурсе беларускія медыі змогуць рэальна канкураваць з замежнымі маштабнымі медыяпраектамі», – сказаў Паўлюк Быкоўскі.

«Сёння вайна ідзе за мазгі, не за тэрыторыі. Галоўнае – інфармацыя і яе інтэрпрэтацыя», – адзначыў выканаўчы дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда (Украіна).

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Фотаздымак Valentyn Ogirenko/Forum

Глядзі таксама
Каментары