Сёння ў Менску – імпрэза да 100-годдзя з дня нараджэння Пімена Панчанкі і Янкі Брыля


23 жніўня а 17:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца святочнае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю нараджэння народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі і народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля.

У межах мерапрыемства адбудзецца адкрыццё выставы «Пімен Панчанка. Кніга вандраванняў і любові…» і літаратурна-дакументальнай часовай экспазіцыі «Янка Брыль. З людзьмі і сам-насам». Падчас мерапрыемства адбудзецца гашэнне паштовай маркі і канверта, прысвечаных юбілею Пімена Панчанкі, і ўрачыстая перадача ў фонды музею юбілейнага канверта з арыгінальнай маркай «100 год з дня нараджэння Янкі Брыля».

Урачыстае адкрыццё дзвюх экспазіцый у адзін дзень Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прызначыў невыпадкова: даследчыкі адзначаюць пэўнае падабенства лёсаў Янкі Брыля і Пімена Панчанкі. Нарадзіліся пісьменнікі ў жніўні 1917 года за межамі Беларусі: Янка Брыль – 4 жніўня ў Адэсе, Пімен Панчанка – 23 жніўня ў Таліне. Літаратурная спадчына пісьменнікаў трывала і надзейна заняла сваё пачэснае месца ў беларускай нацыянальнай літаратуры.

На экспазіцыях будуць прадстаўленыя матэрыялы з фондаў музею (фатаграфіі, рукапісы, лісты, кнігі), прадметы з асабістых архіваў Пімена Панчанкі і Янкі Брыля. Усё гэта дасць магчымасць прасачыць жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў.

Гасцямі свята стануць прадстаўнікі футбольнага клубу «Дынама Менск», заўзятарам якога быў Пімен Емяльянавіч. Пісьменнік амаль ніколі не прапускаў матчы футбольнага клубу, таму заўзятары «Дынама Менск» разам з клубам падрыхтавалі падарунак, які будзе прадстаўлены на экспазіцыі.

У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран, Пасольства Рэспублікі Польшча, пісьменнікі, сябры, родныя Пімена Панчанкі і Янкі Брыля, аматары творчасці беларускіх аўтараў і інш.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (Менск, вул. М. Багдановіча, 13).

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары