Расейскі суд заблакаваў «Telegram»


Таганскі суд Масквы задаволіў пазоў Раскамнагляду аб блакаванні «Telegram».

Пра гэта 13 красавіка з залы суда паведаміў карэспандэнт RTVI.

Раскамнагляд прасіў заблакаваць мэсэнджар, таму што ён адмовіўся перадаць ключы шыфравання ФСБ. У кампаніі казалі, што зрабіць гэта тэхнічна немагчыма.

Спецслужба запатрабавала ключы шыфравання паводле «закону Яравой».

Канфлікт паміж уладамі Расеі і «Telegram»

Канфлікт паміж уладамі Расеі і кіраўніцтвам мэсінджэра пачаўся яшчэ леташняй вясной. Тады Раскамнагляд запатрабаваў ад «Telegram» прадаставіць звесткі для ўнясення месінджэра ў рэестр арганізатараў распаўсюду інфармацыі. Адміністрацыя «Telegram» адмовілася даваць хоць нейкую інфармацыю, нагадвае «Медыязона», а кіраўнік Раскамнагляду Аляксей Жараў 25 чэрвеня сцвярджаў, што тэрмін блакавання мэсінджэра «вылічваецца днямі». У выніку для ўнясення «Telegram» у рэестр хапіла звестак, апублікаваных у адкрытым доступе.

Пры гэтым федэральным законам «Аб інфармацыі» устаноўлена, што ўнесеныя ў рэестр Раскамнагляду кампаніі абавязаныя прадастаўляць уладам інфармацыю, «неабходную для дэкадавання электронных паведамленняў, якія прымаюцца, перадаюцца, дастаўляюцца і (або) апрацоўваюцца».

У Расеі інтарэсы «Telegram» прадстаўляюць юрысты міжнароднай праваабарончай групы «Агора». Яны абскардзілі штраф у 800 тыс. расейскіх рублёў за адмову падаць ФСБ інфармацыю, і спрабавалі дамагчыся прызнання несапраўдным загад спецслужбы, аднак у абодвух выпадках суды не падтрымлівалі прадстаўнікоў «Telegram».

20 сакавіка, калі Вярхоўны суд адмовіўся прызнаць несапраўдным загад ФСБ, Раскамнагляд абвесціў, што ў «Telegram» ёсць 15 дзён на тое, каб даць ключы для дэшыфроўкі. 6 красавіка нагляднае ведамства падало ў Таганскі раённы суд Масквы пазоў з патрабаваннем заблакаваць мэсінджэр.

11 красавіка стала вядома, што папярэдняя размова па пазове прызначаная на наступны дзень, а яго разгляд – на 13 красавіка. На пасяджэнні прадстаўнік Раскамнагляду абвесціў, што будзе прасіць суд дазволіць пачаць блакаванне «Telegram» неадкладна.

Прадстаўнікі «Telegram» адзначалі, што іх не апавясцілі належным чынам аб разглядзе пазову і не далі час на азнаямленне з матэрыяламі па справе, і прасілі адкласці пасяджэнне, аднак суд у гэтай просьбе адмовіў. Пасля папярэдняга пасяджэння старшыня «Агоры» Павел Чыкаў паведаміў, што заснавальнік мэсінджэра Павел Дураў забараніў юрыстам удзельнічаць у паседжанні, каб «не легітымізаваць адкрыты фарс сваёй прысутнасцю».

Раней Павел Дураў заснаваў папулярную сацыяльную сетку «Вконтакте». Ён быў вымушаны прадаць сваю долю ў «Вконтакте» з-за канфлікту з ФСБ. Як пісаў тады Дураў, спецслужба патрабавала выдаць асабістыя звесткі арганізатараў суполак Еўрамайдана.

НМ, belsat.eu, фотаздымак Дзмітрый Феактыстаў/ ТАСС

Глядзі таксама
Каментары