Сёння разгледзяць пазоў прафсаюзнага лідара Фядыніча супраць ДАІ


Генадзь Фядыніч

У Генадзя Фядыніча забралі пасведчанне кіроўцы. Ён кажа, што ДАІ падрабіла дакументы супраць яго.

У незалежным прафсаюзе РЭП сцвярджаюць, што ціск на арганізацыю працягваецца.

13 сакавіка лідар прафсаюзу аспрэчыць у судзе рашэнне ДАІ: Генадзя Фядыніча на чатыры гады пазбавілі пасведчання кіроўцы за ДТЗ, якое, як ён сам кажа, не здзяйсняў.

2 жніўня мінулага году ў офісе незалежнага прафсаюзу РЭП прайшоў ператрус – так пачалася т.зв. «Справа прафсаюзаў», нагадвае арганізацыя на сваім сайце. Ужо 4 жніўня Генадзь Фядыніч, у таямніцы ад самога сябе, стаў вінаватым ДТЗ, у выніку чаго лідара прафсаюзу РЭП пазбавілі правоў кіроўцы на чатыры гады.

4 жніўня Генадзь Фядыніч прыпаркаваў свой аўтамабіль, а сам адлучыўся па цыгарэты, пакінуўшы машыну на некалькі хвілін. Пасля чаго разам з жонкай паехаў на лецішча. Увечары Фядынічу патэлефанавалі з ДАІ і паведамілі, што ягонае аўта «удзельнічала у ДТЗ»: нібыта падрапала суседнюю машыну на стаянцы.

«Машыну пашкодзіў чалавек з вусамі», – такая запіска была прымацаваная на падрапанай машыне.

Пазней у старшыні прафсаюзу РЭП забралі правы кіроўцы.

Пасля гэтага дзяржаўныя органы сталі здзяйсняць працэсуальныя «дзеянні, якія складана растлумачыць лагічна», адзначаецца на сайце прафсаюзу. У ДАІ Генадзю Фядынічу выпісалі штраф; потым папрасілі прыехаць і ўзяць іншую квітанцыю для аплаты штрафу, таму што «далі няправільны нумар АРІП»; калі Генадзь Фядыніч прыехаў у ДАІ, замест «правільнай» квітанцыі яму ўручылі пастанову аб пазбаўленні яго пасведчання кіроўцы на чатыры гады.

Старшыня незалежнага прафсаюзу прама звязвае адабранне правоў кіроўцы са сваёй прафесійнай дзейнасцю:

«За дваццаць пяць гадоў вадзіцельскага стажу я не здзейсніў ніводнага ДТЗ! А тут мяне абвінавачваюць мала таго, што ў ДТЗ, дык яшчэ і ў тым, што я пакінуў месца здарэння. ДАІ здзейсніла падробку дакументаў».

Глядзіце таксама:

Сведкі засакрэчаныя, доказаў няма. Фядыніч аспрэчыў пазбаўленне пасведчання кіроўцы ў судзе.

Генадзь Фядыніч падаў заяву ў Следчы камітэт з патрабаваннем распачаць крымінальную справу супраць ДАІ за падробку дакументаў. Таксама зараз ідзе судовы разгляд: прафсаюзны лідар выступае ў ролі пазоўніка, аспрэчваючы рашэнне ДАІ – ужо ў касацыйнай інстанцыі.

Судовае пасяджэнне адбудзецца 13 сакавіка, у аўторак, у судзе Маскоўскага раёну Менску. Пачатак а 16.30.

«Я не ўпэўнены, што я буду пачуты ў судзе. Але я гатовы давесці гэтую справу да канца: падробка дакументаў павінная быць пакараная!» – кажа Генадзь Фядыніч.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары