Сярод затрыманых у Крыме дыверсантаў ёсць грамадзяне Расеі


Расейскія пашпарты – у паловы затрыманых.

Ананімная крыніца ў расейскіх праваахоўных органах паведаміла «Інтэрфаксу», што сярод затрыманых на Крыме ў сувязі з падрыхтоўкай тэрактаў на паўвостраве ёсць расейцы.

3–4 чалавекі з сямі затрыманых – грамадзяне Расеі.

«Ім надаецца асаблівая ўвага», – паведаміла крыніца.

Паведамляецца, што ўсе затрыманыя «прызналі віну, і цяпер актыўна даюць паказанні».

У сераду ФСБ РФ абвясціла аб прадухiленнi у Крыме тэрактаў, падрыхтаваных выведкай Украіны.

Паведамлялася, што расейскія спецслужбы пры падтрымцы іншых сілавых падраздзяленняў перадухілілі прарыў у Крым дыверсійна-тэрарыстычных груп з украінскай тэрыторыі. Пры затрыманні ў выніку агнявога кантакту ў горадзе Армянску загінуў супрацоўнік ФСБ і расейскі вайсковец.

Сілавое ведамства падае, што на месцы баявога сутыкнення «выяўленыя дваццаць самаробных выбуховых прыладаў сумарнай магутнасцю больш за 40 кг у трацілавым эквіваленце, боепрыпасы і спецыяльныя сродкі ініцыявання, штатныя супрацьпяхотныя і магнітныя міны, а таксама гранаты і адмысловая зброя, якая знаходзіцца на ўзбраенні спецыяльных падраздзяленняў узброеных сілаў Украіны».

ФСБ паведаміла, што затрымала аднаго з арганізатараў – «Панава Яўгена Аляксандравіча, 1977 года нараджэння, жыхара Запарожскай вобласці, супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі МО Украіны». Паводле расейскіх спецслужбаў, ён дае прызнальныя паказанні.

ФСБ заяўляе, што рэжым на мяжы з Украіны ўзмоцнены.

ДД, belsat.eu, «Інтэрфакс»

Стужка навінаў