Сярод замежных баевікоў «Ісламскай дзяржавы» больш за ўсе грамадзян Расеі


Расейцы складаюць самую вялікую групу замежнікаў, якія ваююць на баку тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» ў Іраку і Сірыі. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе амерыканскай аналітычнай кампаніі Soufan Group.

Па падліках аўтараў дакладу, на баку «ІД» па стане на кастрычнік 2017 года ваююць 3417 грамадзянаў Расейскай Федерацыі. Другую па колькасці групу складаюць выхадцы з Саудаўскай Аравіі – 3244 чалавека. На трэцім месцы Іярданія з 3000 байцамі.

Па дадзеных Soufan Group, у Расею вярнуліся 400 чалавек, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на баку ісламістаў, у Саудаўскую Аравію – 760 чалавек, у Іярданію – 250.

Усяго, па падліках аўтараў дакладу, на баку «ІД» ваююць 8717 выхадцаў з краін былога СССР, уключаючы Расею.

Расейскія ўлады раней прызнавалі, што сярод байцоў «Ісламскай дзяржавы» шмат расейцаў – ад 3,5 да 4 тыс.

Грамадзяне Беларусі ў дакладзе амерыканскіх аналітыкаў не фігуруюць. Аднак у 2015 годзе кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч заяўляў, што да «Ісламскай дзяржавы» далучыліся каля 10 беларусаў. У тым жа годзе СМІ паведамлялі пра тое, што ў Сірыі загінуў ураджэнец Гародні Дзяніс Васільеў, які ваяваў за ісламістаў.

ІІ, belsat.eu, паводле “Медузы”

 

Глядзі таксама
Каментары