Сяргей Скрабец заклікае пенсіянераў «адарваць свае зады» ў дзень выбараў


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў (2000-2004 гг.), былы палітвязень, кандыдат у дэпутаты на сёлетніх парламенцкіх выбарах Сяргей Скрабец 18 жніўня ў сваім выступе на тэлеканале «Беларусь 3» заклікаў пенсіянераў галасаваць толькі ў асноўны дзень выбараў – 11 верасня.

«Паважаныя пенсіянеры, звяртаюся да вас, бо ў асноўным вы ходзіце на выбарчыя ўчасткі. Не прыходзьце на датэрміновае галасаванне. Жаўнераў, студэнтаў, кантрактнікаў прымусяць прыйсці і прагаласаваць пад пагрозай звальнення. А вам чаго баяцца? У нядзелю, 11 верасня, праявіце волю, адарвіце свае зады ад канапы, выключыце тэлевізар хаця б на паўгадзіны і прыйдзіце на ўчасткі для галасавання», – прапанаваў Скрабец.

«За каго галасаваць, спытаеце вы? Ды за каго заўгодна. Важна, каб гэта быў жывы чалавек, які не пабаіцца адстойваць вашыя інтарэсы ў парламенце. А то гэты «мёртвы» парламент набіў аскому ўсім, нават Аляксандру Рыгоравічу», – дадаў палітык.

У сваім выступе Скрабец распавёў пра сябе, а таксама згадаў пра сваю судзімасць. У прыватнасці, ён паведаміў, што ўпершыню яго абралі дэпутатам у 2000-м годзе, а пасля сканчэння дэпутацкіх паўнамоцтваў у 2005-м – арыштавалі. «У 2006-м выйшаў на волю. Калі кажуць, што дэпутата пасля заканчэння дэпутацтва ўладкоўваюць на працу, то гэта няпраўда. Я ўжо 12 гадоў не магу ўладкавацца на працу, хоць маю дзве вышэйшыя адукацыі – інжынера і юрыста», – адзначыў палітык.

Кандыдат у дэпутаты заявіў, што ён можа «прыносіць карысць радзіме». Скрабец прапанаваў аддаць пад ягонае кіраўніцтва «самы адсталы калгас» і паабяцаў «вывесці яго ў людзі» праз два гады.

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Стужка навінаў