Сяргей Навумчык: Пазняку пакуль рана вяртацца ў Беларусь


Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Навумчык, які прыехаў у Беларусь пасля 20-гадовай палітычнай эміграцыі, лічыць, што лідару КХП-БНФ Зянону Пазняку пакуль рана вяртацца ў Беларусь.

Навумчык нагадаў, што ў канцы мінулага года мытня затрымала на мяжы кнігі Пазняка. «Гэта паказвае стаўленне ўладаў да Пазняка. Мне здаецца, што для яго вяртання пакуль не час», – сказаў Навумчык.

Кажучы пра тое, што вымусіла яго і Пазняка пакінуць краіну ў 1996 годзе, Навумчык адзначыў, што тады «была абсалютна рэальная пагроза не толькі свабодзе, але і жыццю». «У той сітуацыі выбару паміж жыццём і смерцю мы зрабілі такі выбар», – сказаў дзеяч агенцтву БелаПАН.

На думку Навумчыка, эміграцыя ў той час была палітычна правільным выбарам. «Нагадаю, тады Захад ужо фактычна прызнаваў афіцыйны Менск, палітыку, якую праводзіў і праводзіць Лукашэнка. ЗША былі вымушаныя даць палітычнае прыстанішча двум лідарам Народнага Фронту. Гэта прымусіла іх перагледзець стаўленне да Беларусі, і ўжо рэферэндум 1996 года быў у цэнтры ўвагі сусветнай супольнасці. Тая акалічнасць адыграла сваю ролю», – заявіў дзеяч і журналіст.

Навумчык адзначыў, што некаторыя прадстаўнікі медыяў назвалі яго і Пазняка эміграцыю «палітычным самаспаленнем». «Але я праз 20 гадоў, дзякаваць Богу, жывы. Жывы і Пазняк», – сказаў Навумчык.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў