Сябар Расеі ці нармальны прэзідэнт?

Wideo

Прэзідэнцкая гонка ў Чэхіі блізкая фіналу. У ліку фаварытаў – дзейны прэзідэнт краіны 73-гадовы Мілаш Зэман. Хоць шмат хто сумняецца, што ён здолее выконваць свае абавязкі цягам наступных 5 гадоў.

Мілаш Зэман, прэзідэнт Чэхіі: «Адным з асноўных фактараў таго, чаму я вырашыў зноў прыйсці на працу, былі чэшскія медыі. Усе іхныя атакі выклікалі ў мяне жаданне зноў прыйсці на працу».

Мілаш Зэман – заядлы курыльшчык і аматар моцнай выпіўкі, чый стан здароўя выклікае сумневы ў грамадстве. Але алкаголь і цыгарэты – не самыя сурʼёзныя правіны дзейнага кіраўніка. Зэман – адзіны еўрапейскі прэзідэнт, які адкрыта падтрымаў Маскву пасля анексіі Крыму.

Каментуе Якуб Янда, кіраўнік праекту «Kremlin Watch», Чэхія: «Сувязі прэзідэнта Зэмана з Расеяй ці з расейскім урадам добра вядомыя, бо працягваецца шырокая дыскусія, і медыі асвятляюць яе досыць падрабязна. Як гэта паўплывае на вынік выбараў? Я пакуль не ведаю».

На фоне цёплых адносінаў з Масквою Зэман адкрыта крытыкуе Еўразвяз – перадусім за палітыку ў дачыненні мігрантаў.

Пасля брэкзіту ён прапанаваў правесці рэферэндум пра сяброўства Чэхіі ў ЕЗ і NATO. Хоць яшчэ 5 гадоў таму адразу пасля свайго абрання ён падняў над Пражскім градам сцяг Еўразвязу. Ягоны папярэднік Вацлаў Клаўс адмаўляўся гэта рабіць.

«Даволі шмат былых прыхільнікаў Зэмана, а гэта каля 15 %, не спадзяюцца на ягонае пераабранне. Нягледзячы на гэта, ён мае моцную пазіцыю для першага туру», – лічыць Ян Гартл, аналітык агенцтва STEM, Прага.

У першым раўндзе Мілаш Зэман мае восем контркандыдатаў і няшмат шанцаў на перамогу. Мяркуюць, што разам з ім у другі тур пройдзе прафесар Іржы Драгаш.

«Ён былы кіраўнік Акадэміі навук, хімік. Ён вельмі паважаны, памяркоўны, дыпламатычны. І ў прынцыпе ягоны галоўны лозунг – я буду нармальным прэзідэнтам», – каментуе Ондржэй Соўкуп, газета «Hospodářské Noviny»:

Ліберал і еўрааптыміст Драгаш – поўная супрацьлегласць Зэмана. Ён выступае за ўзмацненне Еўразвязу і NATO ды з насцярогаю ставіцца да Расеі. Са словаў Драгаша, за час прэзідэнцтва Зэмана Чэхія страціла пазіцыі на міжнароднай арэне.

Іржы Драгаш, кандыдат на прэзідэнта Чэхіі: «Калі мы хочам штосьці вырашыць, мы мусім сядзець за сталом, дзе прымаюцца рашэнні. Я б вельмі хацеў бачыць Чэхію за гэтым сталом».

Хто будзе вырашаць вонкавую палітыку, пакажуць вынікі выбараў, якія цяжка прадказаць.

Згодна з апытаннем агенцтва STEM/MARK, за дзейнага прэзідэнта гатовыя прагаласаваць 48 % выбарнікаў, за Драгаша – 42 %. Але яшчэ 10 % рэспандэнтаў не ведаюць, за каго аддаць голас.

Ян Гартл, аналітык агенцтва STEM: «Усё выначыцца напрыканцы выбарчай кампаніі. Апаненты Зэмана маюць шанец на большы поспех, калі яўка на выбарах будзе высокая».

А ўмяшанне Масквы – нізкае. У снежні Іржы Драгаш заявіў, што на парламенцкія выбары, што праходзілі ў Чэхіі ўвосень, мелі ўплыў медыі ды інтэрнэт-старонкі, звязаныя з «расейскімі спецслужбамі». Непакой кандыдата раздзяляюць і адмыслоўцы.

«Існуе шмат дэзынфармацыі супраць праціўнікаў Зэмана, галоўным чынам супраць прафесара Драгаша, якая ідзе з пракрамлёўскіх крыніцаў. Яны неабавязкова звязныя наўпрост з Расеяй, але яны з сімпатыяй глядзяць у бок Масквы», – працягвае Якуб Янда, кіраўнік праекту «Kremlin Watch», Чэхія.

Ці будзе з сімпатыяй на Маскву глядзець новы прэзідэнт Чэхіі, мы даведаемся цяпер ці праз паўмесяца. Калі ў першым туры ніхто з кандыдатаў не атрымае прынамсі 50 % галасоў, праз два тыдні адбудзецца другі раўнд выбараў.

Сюжэт выйшаў у праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою 12 студзеня 2018 г.

Таксама ў праграме:

Леапарды Касцюшкі. Чаму Польшча перасоўвае войска на ўсход і павялічвае выдаткі на абарону?

Як змены ў польскім урадзе паўплывюць на Беларусь? Інтэрв’ю з журналістам польскага выдання «Дзеннік Газета праўна», Міхалам Патоцкім.

Адныя айцішнікі выязджаюць з Беларусі а іншыя наадварот, вяртаюцца. Чаму так адбываецца? Рэпартаж з Фінляндыі.

Чаму спрэчкі паміж Менскам і Масквой будуць працягвацца? Інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з палітолагам Валерыяй Касцюговай

Глядзі таксама
Каментары