Святлана Алексіевіч: Я крытыкавала не беларускі народ, а палітычныя рашэнні Лукашэнкі


«Народ чакае рэформаў, у народзе сабралася энергія. А ў нас наагул ніякай ідэі: толькі б утрымаць уладу», – скаментавала нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч крытычныя выказванні Аляксандра Лукашэнкі на ейны адрас.

«Калі Лукашэнка павіншаваў мяне, няхай не першы, я была рада, таму што зразумела: усё-такі ён палітык. І раптам вось гэты каментар, – зазначыла Святлана Алексіевіч падчас выступлення на радыёстанцыі «Говорит Москва». – Я думаю, тады ён павіншаваў таму, што гэта было перад выбарамі, тут поўна было розных камісіяў міжнародных і перад сваім народам трэба было «трымаць пазіцыю», а цяпер ён вольны».

Паводле пісьменніцы, яна ніколі не крытыкавала беларускі народ, а толькі «палітычныя рашэнні Лукашэнкі».

«Я б сказала, што не пра гэта трэба сёння прэзідэнту гаварыць. Народ чакае рэформаў, у народзе сабралася энергія. А ў нас наагул ніякай ідэі: толькі б утрымаць уладу. Калі гэта – абраза беларускага ці расейскага народу, то я не ведаю, дзе і ў якім часе мы жывем», – заўважыла Алексіевіч.

Падчас сустрэчы з чытачамі ў Кракаве (Польшча) 23 кастрычніка пісьменніца выказалася пра сітуацыю ў Беларусі, падае БелаПАН. Яна сярод іншага сказала: «У Беларусі Лукашэнка спыніў час. Яго ўменне – прадаваць сваю біяграфію то Еўропе, то Расеі і атрымліваць за гэта газ і нафту. Гэтыя грошы ідуць на тое, што мы іх проста праядаем, а не ўкладваем у будучыню, у тэхналогіі. Але ён спыніў і сацыялізм. Заводы і фабрыкі належаць дзяржаве. Насамрэч нічога не прададзенае, нават маленькія прадпрыемствы. Ён захаваў псіхалогію сацыялізму, бо ён сам гэтай псіхалогіі чалавек. Ён увесь час кажа на гэтых прадпрымальнікаў, мяркуючы, што яны бандыты, што гэта несумленныя людзі. І адбылося такое спыненне. І ў беларусаў змякчаны варыянт гэтага сацыялізму».

Алексіевіч таксама сказала пра залежнасць Лукашэнкі ад прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна: «Пасля Крыму адносіны з Расеяй сталі больш напружанымі, чым раней. Хаця мы дагэтуль «Саюзная дзяржава». Лукашэнка баіцца, што Пуцін заваюе нас. Але не трэба ваяваць з Беларуссю. Нам проста дастаткова зімой закруціць два краны – нафтавы і газавы. Усё. І Беларусі няма, і Лукашэнкі няма. Так што Лукашэнка цалкам у руках Пуціна».

24 кастрычніка, узнагароджваючы ордэнам Францыска Скарыны расейскага кампазітара і прадзюсара з беларускімі каранямі Віктара Дробыша на яго творчай вечарыне ў Менску, Лукашэнка сказаў: «Скажу зноў жа пра асобных нашых «творцаў», творчых асобаў, нават пра лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія не паспелі яшчэ яе атрымаць, выехалі за межы краіны і паспрабавалі цэбар бруду выліць на краіну. Гэта няправільна, гэта не апазіцыйнасць. Гэта абсалютна няправільна, таму што Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці не абіраюць. Яна такая, якая яна ёсць. Калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеешся яе, значыць, ты перадусім дрэнны сын».

МЯ, паводле govoritmoskva.ru, БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары