Святлана Алексіевіч працуе над кнігай пра каханне

video

Вядомая пісьменніца правяла першы выступ у Менску пасля атрымання Нобэлеўскай прэміі і распавяла пра свае бліжэйшыя творчыя планы.

«Я зрабіла энцыклапедыю «чырвонай» утопіі. Мне падаецца, я сказала ўсё, што магла. Добрую літаратуру адрознівае густ да метафізікі, а яна ў любові і смерці», – распавяла пісьменніца.

«Цяпер я працую над новай кнігай пра каханне. Яна будзе абсалютна не сацыяльнай. Мужчыны і жанчыны пра вечнае, чалавечае. Самае цяжкае для мяне – зразумець мужчын і маладых. Лёгка сказаць «Ах, гэта моладзь!» А гэта цалкам іншыя людзі», – распавядала Святлана Алексіевіч.

Малая зала Палаца Рэспублікі, што змяшчае амаль 500 асобаў, была запоўненая цалкам. Нагодай для сустрэчы стала кніга «Алексіевіч на Свабодзе», якую прадставілі «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і Радыё Свабода.

Адказваючы на пытанні з залы, пісьменніца расказала, што ўражана атмасферай зменаў ва Украіне. Адтуль Святлана Алексіевіч вярнулася напярэдадні менскай прэзентацыі.

«Няхай яны апранутыя бядней за нас, але яны вырваліся з матэрыяльнага прымітывізму. Украінцы скіраваныя ў будучыню, – лічыць Святлана Алексіевіч. – Са мной хацеў сустрэцца прэзідэнт Украіны. Пытаўся, ці я магу затрымацца, бо ён быў у Японіі. Чамусьці і прэзідэнт Нямеччыны знайшоў для мяне час».

У канцы сустрэчы Нобэлеўскай лаўрэатка выбачалася перад журналістамі, што дае мала інтэрвю.
«Я ўжо стамілася ад самой сябе, – прызналася Святлана Алексіевіч. – Адбываецца вельмі шмат прэзентацыяў маіх кніг. Усюды я павінна на іх ездзіць, а кожная размова патрабуе засяроджанасці з самой сабой».

Чарга па аўтограф да першай беларускай Нобэлеўскай лаўрэаткі трывала больш за дзве гадзіны. Святлана Алексіевіч ветліва перамаўляла пару словаў з кожным чалавекам ды спісала пяць асадак.

Пісьменніца стане ганаровым старшынём сёлетняга «Чарнобыльскага шляху». Як вядома, у гэтым годзе адзначаецца 30-годдзе Чарнобыльскай катастрофы.

ХМ, НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары