Суд Еўразвязу адмовіўся выключаць з «чорнага спіса» беларускага чыноўніка


Намеснік старшыні Цэнтрвыбаркама Вадзім Іпатаў застанецца ў санкцыйным спісе.

Суд Еўразвязу ў Лазане вырашыў пакінуць намесніка старшыні ЦВК Беларусі Вадзіма Іпатава ў санкцыйным спісе. Такое рашэнне было прынята 23 верасня, паведамляе БелаПАН са спасылкай на афіцыйны сайт Еўразвязу.

У матэрыялах справы адзначаецца, што Савет ЕЗ ўключыў Іпатава ў санкцыйны спіс на падставе таго, што, як намеснік кіраўнікка ЦВК, ён «нясе адказнасць за парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года».

Суд палічыў, што пры ўключэнні Іпатава ў санкцыйны спіс яго правы на абарону парушаны не былі, а Савет ЕЗ прывёў дастаткова доказаў абгрунтаванасці ўключэння Іпатава ў «чорны спіс».

Таксама суд ЕЗ пастанавіў выключыць з санкцыйнага спіса беларускага журналіста, супрацоўніка ОНТ Аляксея Міхальчанку. Паводле рашэння суда, пры прадаўжэнні дзеяння санкцый у дачыненні да Міхальчанкі ў 2012 годзе Савет ЕЗ парушыў права журналіста на абарону, бо змяніў фармулёўкі прычын унясення яго ў санкцыйны спіс і не паведаміў пра гэта. Да таго ж у рашэнні суда адзначаецца, што прадстаўленыя Саветам ЕЗ дакументы не пацвярджаюць, што Міхальчанка настолькі ўплывовы журналіст, што мог бы несці адказнасць за фальсіфікацыі на выбарах ці рэпрэсіі.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў